Аб гэтым піша Reuters.
Згодна з базай дадзеных ААН адносна статыстыкі гандлю, на якую спасылаецца агенцтва, імпарт у ЭЗ і ЗША алюмінію і нікелю за сакавік–чэрвень 2022 году вырас на 70 працэнтаў. За гэты пэрыяд ЭЗ і ЗША закупілі ў Расеі гэтых мэталаў амаль на 2 мільярды даляраў.
На думку Reuters, павелічэньне імпарту мэталаў з Расеі сьведчыць аб складанасьцях, зь якімі сутыкаецца Захад, спрабуючы аказаць ціск на эканоміку Расеі, каб зьнізіць даходы Крамля на вядзеньне вайны.
Захад увёў мноства санкцый у дачыненьні да паставак шырокага кола расейскіх тавараў, аднак яны амаль не закранулі сэктар прамысловых мэталаў, адзначае агенцтва.
На Расею прыпадае каля 10 працэнтаў сусьветнага аб’ёму вытворчасьці нікелю, прыдатнага для вытворчасьці акумулятараў. «Русал» — найбуйнейшы ў сьвеце вытворца алюмінію за межамі Кітаю, ён забясьпечвае каля 6 працэнтаў сусьветнай вытворчасьці.
На працягу чатырох месяцаў пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Эўразьвяз купіў на 13 працэнтаў больш алюмінію і на 22 працэнты больш нікелю з Расеі. ЗША павялічыў імпарт гэтых мэталаў з Расеі адпаведна на 21 працэнт і на 70 працэнтаў.
Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША заявіў Reuters, што не выключаюць, «што кошт неапраўданай вайны Пуціна супраць Украіны ўзрасьце». У ЭЗ не адказалі на запыт агенцтва пра павелічэньне гэтых закупак.