Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Начальнік калёніі сказаў: «Мне чалавека прасьцей сьпісаць, чым прасьціну». Як палітвязьні ўжываюцца ў калёніях з крымінальнікамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пра сьвет палітычных і крымінальнікаў на «зоне» даўно ўжо ўсё напісаў Салжаніцын, з таго часу анічога не зьмянілася, расказаў Свабодзе Раман (імя зьмененае.— Радыё Свабода), які адбыў тэрмін за «абразу Лукашэнкі».

«За шэсьць месяцаў у СІЗА зьмяніў 25 камэр»

Раман (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) раней адбываў тэрмін паводле «звычайнага» крымінальнага артыкулу. А ў 2020 годзе ён трапіў у турму як палітычны, за «абразу Лукашэнкі». Беларус кажа, што ціск на палітычных пачынаецца адразу ж пасьля затрыманьня. Напрыклад, іх у турме часта пераводзяць з камэры ў камэру ці садзяць у адзіночную.

«Я за шэсьць месяцаў зьмяніў 25 камэр, гэта складана псыхалягічна. Бо не пасьпееш абжыцца, зь людзьмі кантакт наладзіць, як цябе перакідаюць у іншую камэру. Ставяць адразу на ўлік як экстрэміста, пазбаўляюць лістоў, газэт. Мне абяцалі, што газэты аддадуць, калі я паеду ў лягер. Але так і не аддалі», — кажа Раман.

Этап для палітычных, у адрозьненьне ад крымінальнікаў, праходзіць у кайданках. Раман правёў у кайданках 20 гадзін на этапе. На зоне палітычным таксама няма спакою ад пачатку.

«„Ты ж экстрэміст, з жоўтай біркай“. Пачынаюць шманаць, праверкі па дваццаць разоў на дзень, уночы будзяць, сьвецяць ліхтарыкам у вочы. Экстрэмісты ня маюць права мець лязо, запалкі. А патрабуюць, каб ты заўсёды быў паголены. Чапляюцца да кожнай дробязі. Мне лекар даў таблеткі ад ціску на выходныя. Яны ляжалі ў тумбачцы. Канвой прычапіўся. „Чаму таблеткі ў тумбачцы? Нельга“. Тут жа напісалі парушэньне мне», — расказвае Раман.

«Я пайшоў да начальніка і прасіўся ў барак узмоцненага рэжыму»

Крымінальнікі, якія «пад адміністрацыяй», могуць рабіць «падставы» для палітычных. Раману адзін крымінальнік падкінуў лязо ў тумбачку. Гэта парушэньне для «экстрэміста».

«Гэта ж лягер, там сыстэма стваралася гадамі, пра гэта Салжаніцын пісаў. І цяпер ёсьць такія людзі, „сукі“ іх называюць. Такая публіка там сядзіць. Я пайшоў да начальніка і сам папрасіўся ў БУР, барак узмоцненага рэжыму, каб не ствараць „сукам“ умовы для падстаў. Для мяне асабіста было прыніжэньнем, калі я мусіў на праверцы некалькі разоў за дзень называць прозьвішча, артыкул, і што я экстрэміст. Я раззлаваўся і казаў, што я вораг народу», — кажа былы вязень.

Палітычных абмяжоўваюць ва ўсім. «Атаварка» — толькі на адну базавую велічыню ў месяц. Лісты аддаюць два разы на тыдзень, чытаць кнігі можна толькі 30 хвілін, душ — раз на тыдзень. «Душаць людзей як адміністрацыя, так і крымінальнікі. Калі цябе кідаюць у камэру і там дзесяць крымінальнікаў пачынаюць цябе „кляваць“ — мала хто вытрымае такое. Лепш бы білі — гэта лягчэй вытрымаць», — кажа Раман.

Ён дадае, што палітычным у калёніі «сядзець спакойна ніхто ня дасьць».

«Майго прыяцеля, палітычнага таксама, трымалі доўга ў самай халоднай камэры, потым „раскруцілі“ на артыкул 411 Крымінальнага кодэксу, непадпарадкаваньне адміністрацыі, і адправілі на „крытую“ турму. Ад гэтага ніхто не абаронены, абсалютна. Я ведаю чалавека, які сеў на адзін год, а праз артыкул 411 ягонае пакараньне ўзрасло да 10 гадоў!», — расказаў былы вязень.

Ён зазначыў, што ў працэсе «ломкі» чалавека адміністрацыя не спыняецца. «Аднаго зламалі, ён запісваў „пакаяльнае“ відэа, але яны не спыніліся — пачалі яго кідаць у ШЫЗА, у карцэр. І так ужо зломленага чалавека», — кажа Раман.

«Суччая вайна ідзе з 2010 году, адміністрацыя калёніі гэтым карыстаецца»

Былы вязень распавёў, што на беларускіх зонах з 2010 году ідзе «суччая вайна». Гэта канфлікт «вароў у законе».

«Некаторыя зоны прызнаюць Сашу Кушнера, іншыя — Алега «Му-му» Слуцкага. І праз гэта ідзе вайна. Адміністрацыя зоны гэтым карыстаецца ў сваіх інтарэсах. Важна ня ўлезьці ў гэтыя разборкі, бо гэта ня наша кампэтэнцыя. Мяне спрабавалі ўцягнуць, я адбіўся, сказаў, хай «воры ў законе» самі вырашаюць, гэта не мая кампэтэнцыя. Напрыклад, калёнія ў Воршы прызнае Алега Слуцкага, а «крытая» турма ў Жодзіна — Сашу Кушнера. Некаторыя камэры на «крытай» турме ў Горадні таксама Кушнера прызнаюць. І вось тут можна трапіць у «касяк», калі будзеш надта ўнікаць у гэта ўсё ці лезьці туды. Каб я пайшоў супраць тых зладзейскіх «законаў», то сам сабе падпісаў бы сьмяротны прысуд, сам сябе загнаў бы ў кабалу. Я ім адказаў, што ня маю права абмяркоўваюць «вараўское», хай самі «воры ў законе» вырашаюць. Мы будзем за некага «вора ў законе» выказвацца, потым нас перавядуць на іншую турму — а там іншага прызнаюць. Так на роўным месцы можаш сам сабе праблемы зрабіць. Раней, у старых лягерах, такога не было, раней было больш свабоды. Цяпер жа гэта ня лягеры, а канцлягеры. І яшчэ гэтая суччая вайна, і тут трэба ўмець выжыць, «прапятляць», — кажа Раман.

Ён дадаў, што ў калёніі палітычныя — «проста ніхто».

«Начальнік калёніі казаў, што яму лягчэй чалавека сьпісаць, чым прасьціну. Там проста тупа зьнішчаюць людзей — як фізычна, так і псыхалягічна», — дадаў былы вязень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG