Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЭЗ падрыхтавалі два варыянты абмежаваньня цэнаў на газ з Расеі


«Газпром»
«Газпром»

Эўрапейская камісія падрыхтавала два варыянты абмежаваньня цэнаў на газ з Расеі. Аб гэтым піша газэта Financial Times са спасылкай на дакумэнт.

Першы варыянт прадугледжвае ўвядзеньне «столі» цэнаў на ўвесь імпартаваны з Расеі газ або прызначэньне адзінага пакупніка расейскага газу, які будзе весьці перамовы аб цэнах на энэргарэсурс.

Аднак у ЭЗ асьцерагаюцца, што гэта можа павысіць рызыку форс-мажорных абставін у кантрактах эўрапейскіх кампаній з «Газпрамам», а таксама да ўзмацненьня геапалітычнай напружанасьці.

Другі прапанаваны Эўракамісіяй варыянт прадугледжвае падзел краін Эўразьвязу на чырвоную і зялёную зоны — у залежнасьці ад ступені рызыкі перабояў з паставамі паліва.

Для краін з чырвонай зоны цэны могуць быць абмежаваныя, а зь зялёнай — заставацца на такім узроўні, каб аблегчыць пастаўкі газу ў краіны чырвонай зоны. Аднак, як зазначаецца ў дакумэнце, рэалізаваць гэты варыянт будзе праблематычна, бо падзел краін на зоны будзе шмат у чым залежаць ад каардынацыі паміж дзяржавамі – чальцамі ЭЗ.

Кіраўнік Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен заявіла аб намеры ўвесьці «столь» цэнаў на газ з Расеі 2 верасьня. Раней гэтая мера была ўзгоднена ў дачыненьні да расейскай нафты.

  • 31 жніўня «Газпром» спыніў пастаўкі газу па «Паўночным патоку», як сьцьвярджалася, з прычыны плянаванага тэхабслугоўваньня. Ён павінен быў зноў запрацаваць — хоць і на 20 працэнтаў магутнасьці — 3 верасьня. Аднак у расейскім канцэрне заявілі, што тэхнічнае абслугоўваньне адзінай працоўнай турбіны газаправоду «Паўночная плынь» выявіла няспраўнасьці. Газаправод ня будзе працаваць да таго моманту, пакуль іх ня выправяць.
  • На фоне абвяшчэньня аб прыпыненьні працы газаправоду цэны на газ у Эўропе перавысілі адзнаку 3000 даляраў за тысячу кубамэтраў, што стала прычынай пратэстаў у шэрагу эўрапейскіх краін.
  • У Эўразьвязе заявілі, што здарэньне — «яшчэ адно пацьвярджэньне ненадзейнасьці „Газпрома“ як пастаўшчыка» і «сьведчыць аб цынізьме Расеі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG