Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах за рэакцыю на пост пра Лукашэнку будуць судзіць інваліда-вазочніка. А ў судзе няма пандуса


Уладзіслаў Рабіч
Уладзіслаў Рабіч

У будынку суду, дзе разгледзяць справу абвінавачанага інваліда першай групы Ўладзіслава Рабіча, няма пандуса.

12 верасьня суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна пачне разгляд справы Ўладзіслава Рабіча, які мае першую групу інваліднасьці з дыягназам ДЦП і карыстаецца вазком. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), паведамляюць праваабаронцы. Рабіча будуць судзіць за рэакцыю на пост пра Лукашэнку.

Судзьдзя ў справе — Мікалай Кміта.

9 жніўня 2022 году ў дом, дзе знаходзіліся Ўладзіслаў і ягоны малодшы брат, уварваліся сілавікі. Яны пагражалі яму і прапанавалі пракамэнтаваць напісанае ім у адказ на пост 2020 году пра Лукашэнку: у камэнтары Ўладзіслаў пагаджаўся з напісаным у пасьце.

Праваабаронцы адзначаюць, што калі б ён «пакаяўся», то сілавікі нібыта «прабачылі б яму». Аднак Уладзіслаў адмовіўся казаць, што памыліўся, і заявіў, што ня зьменіць сваёй думкі.

Таксама ён дадаў, што для яго гонар, што да яго прыйшлі 9 жніўня з аўтаматамі. Тады яму паабяцалі крымінальную адказнасьць.

Суд прызначылі на 11:00 12 верасьня: ён адбудзецца на трэцім паверсе будынка тэрытарыяльнага Цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня (г. Баранавічы, вул. Леніна, 12). Там няма пандуса.

Уладзіславу Рабічу 24 гады, ён са шматдзетнай сям’і, мае таксама брата-блізнюка з інваліднасьцю. У сямʼю часта завітвалі мясцовыя журналісты, каб зьняць сюжэты ці напісаць матэрыялы пра ўзорную сямʼю і цудоўных дзяцей.

Уладзіслаў Рабіч — шматразовы ўдзельнік разнастайных алімпіядаў, меў сярэдні бал атэстата 9,4.

«Гэтыя хлопчыкі, якія растуць на маіх вачах, зьяўляюцца прыкладам мужнасьці для ўсіх нас. Яны паказваюць, як трэба спраўляцца зь цяжкасьцямі і верыць у лепшае», — гаварыў пра братоў старшыня Баранавіцкага гарадзкога Савету дэпутатаў Аляксандар Селіфонтаў у 2017 годзе, калі чарговы раз прыехаў павіншаваць сямʼю са сьвятамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG