МАГАТЭ са спасылкай на сваіх прадстаўнікоў на месцы заявіла, што ўкраінская АЭС «чарговы раз страціла сувязь з апошняй асноўнай зьнешняй лініяй электраперадачы». Такім чынам, станцыя працягвае падаваць электраэнэргію ў сетку па рэзэрвовай лініі.
«Менш чым праз 48 гадзін пасьля таго, як генэральны дырэктар Рафаэль Марыяна Гросі ўстанавіў прысутнасьць місіі МАГАТЭ па падтрымцы і дапамозе ў Запарожжы на аб’екце на поўдні Украіны, кіраўніцтва ўкраінскага пэрсаналу паведаміла экспэртам агенцтва, што чацьвёртая дзейная лінія электраперадач ЗАЭС напружаньнем 750 кілавольт выйшла з ладу. Астатнія тры былі адключаныя раней падчас канфлікту», — дадалі ў ведамстве.
Напярэдадні генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі заявіў, што на Запароскай АЭС застаюцца шэсьць экспэртаў агенцтва, цяпер іх застаецца двое.
Прыезд місіі МАГАТЭ на Запароскую АЭС 1 верасьня быў зьвязаны з засьцярогамі наконт ядзернай катастрофы, выкліканымі ўзмацненьнем абстрэлаў станцыі. 5 жніўня ўпершыню ў гісторыі станцыі Запароская АЭС на пэўны час была цалкам адключана ад электрасетак.
З 4 сакавіка Запароская АЭС і яе горад-спадарожнік Энэргадар знаходзяцца пад акупацыяй расейскіх войскаў.