Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прыгразіў ліквідацыяй партыям і арганізацыям, якія ня будуць прытрымлівацца «генэральнай лініі»


Каляж, ілюстрацыйнае фота
Каляж, ілюстрацыйнае фота

Усебеларускі народны сход «вызначыць контуры будучыні Беларусі, напрамак, па якім будзе рухацца дзяржава», — заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 жніўня на нарадзе па законапраектах аб грамадзянскай супольнасьці, дзейнасьці партый і грамадзкіх абʼяднаньняў.

«Збочылі ўлева, управа — партыя ці грамадзкі рух павінен быць ліквідаваны, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Толькі так мы можам утрымаць краіну ў нейкай каляіне, у нейкіх рамках. Гэта як прапанова ў законапраект. Мы з вамі гэта абмяркуем, і калі гэта прымальна, гэта будзе добрая дарожная мапа для, скажам, міністра юстыцыі».

Ён прывёў прыклад свайго разуменьня непажаданай партыйнай дзейнасьці: «Пачаў агітаваць за 39-ы год і мяжу пад Менскам у інтарэсах некага — прывітаньне, да пабачэньня, партыя ліквідуецца».

Лукашэнка заявіў, што асноўнай умовай рэгістрацыі і дзейнасьці грамадзкіх абʼяднаньняў, палітычных партый павінны стаць іх «канструктыўныя партнэрскія адносіны з уладай».

Калі такі падыход ня будзе выкарыстоўвацца, мяркуе Лукашэнка, «краіну зноў адны будуць цягнуць на Захад, іншыя — на Ўсход, трэція — на Поўдзень ці Поўнач». «Мы будзем целяпацца, адносна невялікая краіна зь невялікім насельніцтвам, і ня будзем ведаць, куды нам ісьці. І наогул можам пайсьці ў адваротны бок. Таму генэральная лінія. Так, не адна партыя, некалькі, але прытрымлівайцеся вось гэтага курсу. Вы можаце больш лібэральнымі быць, а вы больш кансэрватыўнымі, калі ласка, але курс павінен быць вызначаны. Гэта проста мае разважаньні. А вы паглядзіце», — даручыў ён чыноўнікам.

Паводле яго, партыі ў Беларусі ўжо «вымаляваліся на гарызонце». «Мы бачым іх будучыню. Таму тут таксама мудрагеліць нічога ня трэба пры рэгістрацыі. Трэба зыходзіць з рэалій сёньняшняга дня, — лічыць Лукашэнка. — Мы ня ведаем, што будзе ня толькі пасьлязаўтра, мы ня ведаем, што будзе заўтра. Сьвет мяняецца. Таму будзем ісьці акуратна, асьцярожна. Нас у сьпіну ніхто не штурхае, ніхто ня гоніць. Мы робім усё для сваёй краіны. Пачнем, дапусьцім, з малога, сярэдняга і будзем спакойна ўдасканальвацца да нейкіх Госпадам Богам прыдуманых дэмакратычных асноў. Госпадам, а не амэрыканцамі».

Лукашэнка адзначыў, што мэта заканадаўства, якое абнаўляецца, заключаецца ў тым, каб «сфармаваць моцныя партыі, якія ня маюць рознагалосьсяў па асноўных прынцыпах разьвіцьця краіны, здольныя прапанаваць пэрспэктыўныя праекты сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, а галоўнае — узяць актыўны ўдзел у іх рэалізацыі».

Паводле Мін'юста, на 1 студзеня 2022 году ў Беларусі зарэгістравана 15 палітычных партый. Большасьць зь іх практычна не функцыянуюць, лідэры некаторых — у зьняволеньні.

Кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ігар Сергеенка на сёньняшняй нарадзе расказаў аб праекце закону аб грамадзянскай супольнасьці. Паводле яго, да такой супольнасьці плянуецца аднесьці любыя аб'яднаньні, чыя дзейнасьць скіраваная на вырашэньне задач дзяржавы.

У законе таксама прапануюць прапісаць формы супрацоўніцтва ўлады і грамадзянскай супольнасьці:

  • грамадзкі кантроль,
  • рэалізацыя дзяржзаказу,
  • удзел у працы калегіяльных утварэньняў дзяржаўных органаў і іншыя.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод зьліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG