У нямецкім былым шахтарскім горадзе Гельзэнкірхен побач зь сядзібай ультралевай Марксісцка-Ленінісцкай партыі (MLPD) адкрылі помнік Карлу Марксу. Ён будзе стаяць побач з помнікам лідэру Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году Ўладзіміру Леніну.
Госьці адкрыцьця — каля 1200 чалавек — сьпявалі камуністычны гімн і размахвалі сьцягамі зь сярпом і молатам. Помнік вышынёй у 2,1 м зроблены з алюмінію. Помнік Леніну ўсталявалі ў 2020 годзе. Па дадзеных MLPD, выраб і ўсталяваньне помніка Марксу каштавалі 50 000 даляраў і фінансавалася за кошт ахвяраваньняў.
Карл Маркс (1818-1983) быў радыкальным нямецкім тэарэтыкам эканомікі, чые працы паслужылі натхненьнем захопу Расеі камуністамі і заснаваньня Савецкага Саюзу ў 1917 годзе.
Помнікі ў заходняй Нямеччыне паўсталі на фоне іх паступовага зьнікненьня ва Ўкраіне, Латвіі, Літве, Эстоніі і Польшчы, дзе пазбаўляюцца савецкіх назваў, статуй і ўсхваленьня камуністычнай дыктатуры, якая, як лічаць у гэтых краінах, спрычынілася да масавых забойстваў людзей, іх прымусовага перасяленьня і антыдэмакратычнага ладу на доўгія дзесяцігодзьдзі.
Быў свой пратэст і ў Гельзэнкірхене: грамадзянка Рут Плётцэр падыйшла да акцыі з плякатам «Ганьба вам», заявіўшы аб недапушчальнасьці рэклямаваньня камуністычных ідэй у дэмакратычнай дзяржаве. У адказ жанчыну абразілі некалькі чалавек з удзельнікаў мітынгу. Яна сказала, што нямецкія марксісты жывуць паводле прынцыпу «карыстайся ўсімі перавагамі жыцьця ў дэмакратычным грамадзтве, а затым ідзі і прапаведуй камунізм».
Мясцовы палітык Саша Курт заявіў нямецкім СМІ напярэдадні адкрыцьця помніка Марксу: «Мы пасьлядоўна супраць помнікаў Леніну і Марксу, як і пераважная большасьць жыхароў Гельзэнкірхену. Імем Маркса і Леніна зьдзяйсьняліся неверагодныя злачынствы. Вам ня трэба сьвяткаваць гэта ў гарадзкім пэйзажы. Помнікі выстаўляюць Гельзэнкірхен у дрэнным сьвятле і яшчэ больш псуюць імідж гораду».