Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская выведка: «У Беларусі знаходзіцца каля тысячы расейскіх вайскоўцаў, пагроза ракетных удараў высокая»


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Неразарваныя снарады ў вёсцы Ягіднае, непадалёк ад Чарнігава Кіеўскай вобласьці, 6 красавіка 2022 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Неразарваныя снарады ў вёсцы Ягіднае, непадалёк ад Чарнігава Кіеўскай вобласьці, 6 красавіка 2022 году

Прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі ў інтэрвію РБК-Украіна распавёў пра пагрозу ракетных удараў па Ўкраіне і імавернасьць сухапутнага наступу з тэрыторыі Беларусі.

Паводле Вадзіма Скібіцкага, цяпер па-ранейшаму захоўваецца высокі ўзровень пагрозы ракетных удараў па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі — «як паветранага кампанэнта, так і наземнага».

«На тэрыторыі Беларусі цяпер разьмешчаны адзін дывізіён ракетнага комплексу „Іскандэр“, які і ажыцьцяўляе ракетныя пускі, тры дывізіёны C-400, С-300. Мы бачылі, калі зусім нядаўна зэнітнымі ракетамі комплексу C-300 абстрэльвалася Чарнігаўская вобласьць.

Асноўная задача гэтых ЗРК — гэта абарона паветранай прасторы. І мы бачым, як яны актыўна працуюць, калі на тэрыторыю Беларусі заходзяць бамбавікі Ту-22, C-400 ажыцьцяўляюць прыкрыцьцё гэтых бамбавікоў», — заявіў ён.

Другая мэта разьмяшчэньня зэнітна-ракетных комплексаў на тэрыторыі Беларусі, паводле прадстаўніка Мінабароны, гэта нанясеньне ўдараў па наземных цэлях.

«У іх ёсьць ракеты, пераабсталяваныя ў выгляд „зямля — зямля“. Іх дакладнасьць нізкая, але яны могуць наносіць паразы асабоваму складу, цывільнаму насельніцтву. Баявая частка гэтых ракет утрымлівае арыенціровачна 6 тысяч маленькіх аскепкаў, яны разьлятаюцца і гэта пагроза любому аб’екту на іх шляху».

Таксама захоўваецца пагроза нанясеньня ракетных удараў з паветра — гэта бамбавікамі Ту-22М3, якія могуць несьці крылатыя ракеты паветранага базаваньня, адзначае Скібіцкі.

«Калі казаць пра сухапутны кампанэнт, яго там (у Беларусі — РС) у дастатковай колькасьці няма. Там ёсьць толькі асобныя падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый. Мы ня бачым ні перакідваньня туды сухапутнага кампанэнту, ні нарошчваньня, ні стварэньня якіх-небудзь наступальных груповак», — заявіў Скібіцкі.

Паводле яго, уздоўж украінска-беларускай мяжы цяпер знаходзяцца толькі батальёны Ўзброеных сіл Беларусі, якія праводзяць вучэньні, абсталявалі свае пазыцыі і нясуць службу на ратацыйнай аснове.

«Калі казаць пра расейцаў, то, паводле нашых ацэнак, цяпер на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца прыкладна тысяча вайскоўцаў. Там таксама пастаянна разгорнутыя два вузлы сувязі. Такім чынам, пагроза расейскага сухапутнага ўварваньня з тэрыторыі Беларусі на сёньня знаходзіцца на нізкім узроўні, яна мінімальная», — падсумаваў Скібіцкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG