Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны выклікала апостальскага нунцыя за рэакцыю Папы Рымскага на сьмерць Дар’і Дугінай


Папа Рымскі Францішак
Папа Рымскі Францішак

Міністэрства замежных спраў Украіны запрасіла апостальскага нунцыя ва Ўкраіне арцыбіскупа Вісвальдаса Кульбокаса і заявіла яму пра «глыбокае расчараваньне» словамі папы Францішка пра загінулую на тэрыторыі РФ расейскую журналістку і палітоляга Дар’ю Дугіну.

«Вісвальдасу Кульбокасу было падкрэсьлена, што ва Ўкраіне глыбока расчараваныя словамі пантыфіка, якія несправядліва прыраўноўваюць агрэсара і ахвяру. Пры гэтым выклікае неразуменьне рашэньне папы Францішка згадаць у кантэксьце расейска-ўкраінскай вайны сьмерць расейскай грамадзянкі на тэрыторыі Расеі, да якой Украіна ня мае ніякага дачыненьня», — гаворыцца ў заяве МЗС Украіны.

У ёй адзначаецца, што з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну «пантыфік ні разу не ўдзяліў асаблівай увагі канкрэтным ахвярам вайны, сярод якіх ужо 376 украінскіх дзяцей, якія загінулі ад рук расейскіх акупантаў».

У МЗС Украіны выказалі надзею, што «ў далейшым Сьвяты Прастол будзе пазьбягаць несправядлівых выказваньняў, якія выклікаюць расчараваньне ва ўкраінскім грамадзтве».

24 жніўня папа Рымскі Францішак падчас усеагульнай аўдыенцыі ў Дзень Незалежнасьці Ўкраіны ўзгадаў у кантэксьце расейска-ўкраінскай вайны гібель дачкі аднаго з ідэолягаў «русского мира» Аляксандра Дугіна Дарʼі Дугінай. Пантыфік сказаў наступнае:

«Маю на ўвазе няшчасную дзяўчыну, якая ўзьляцела ў паветра ў Маскве ад бомбы, закладзенай пад сядзеньнем аўтамабіля. За вайну плацяць невінаватыя, невінаватыя! Давайце задумаемся над гэтай рэчаіснасьцю і скажам адзін аднаму: вайна — гэта варʼяцтва».

Увечары 20 жніўня ў расейскім Падмаскоўі ўзарваўся аўтамабіль дачкі расейскага філёзафа Аляксандра Дугіна Дарʼі Дугінай. Жанчына загінула на месцы, ёй было 30 гадоў.

Паводле адной з вэрсій, у аўтамабілі меўся ехаць сам Дугін, але ў апошні момант перасеў у іншую машыну. Расейскія праваахоўнікі мяркуюць, што гэта быў замах на забойства, ФСБ абвінаваціла ў гэтым Украіну і хутка знайшла нібыта падазраваную. Афіцыйны Кіеў заявіў, што ня мае дачыненьня да інцыдэнту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG