Аб гэтым сьведчаць вынікі сумеснага апытаньня агенцтва Reuters і сацыялягічнай службы Ipsos, пра якія паведамляе «Голас Амэрыкі».
Апытаньне паказала, што палітыка Джо Байдэна ў дачыненьні да Ўкраіны карыстаецца падтрымкай, нягледзячы на эканамічныя праблемы і ўнутрыпалітычныя падзеі, якія захапілі ўвагу амэрыканцаў у апошнія месяцы.
Адміністрацыя Байдэна пастаўляе Ўкраіне зброю і боепрыпасы, каб дапамагчы Кіеву адбіваць атакі расейскіх войскаў.
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паабяцаў вярнуць тэрыторыі, захопленыя пасьля 24 лютага, і падчас больш раньніх уварваньняў, якія пачаліся яшчэ ў 2014 годзе, калі Расея анэксавала Крым.
З 1005 жыхароў ЗША, якія прынялі ўдзел у онлайн-апытаньні на мінулым тыдні, 53% выказаліся за падтрымку Ўкраіны «да таго часу, пакуль усе расейскія войскі ня будуць выведзеныя з тэрыторыі, якую Украіна лічыць сваёй». Толькі 18% заявілі, што яны супраць такой падтрымкі.
За падтрымку Украіны выступаюць прыхільнікі абедзьвюх асноўных палітычных партыяў, хаця сярод дэмакратаў такіх больш — 66% супраць 51% у рэспубліканцаў.
Нязначная большасьць, 51%, таксама падтрымала пастаўку ўкраінскім вайскоўцам такіх узбраеньняў, як артылерыя і супрацьтанкавая зброя. Супраць гэтага выступілі 22%.
Як і ў папярэдніх апытаньнях, ідэя адпраўкі амэрыканскіх войскаў ва Ўкраіну не карыстаецца вялікай падтрымкай, незалежна ад партыйных перавагаў рэспандэнтаў.
Толькі 26% заявілі, што яны падтрымліваюць такую апэрацыю, пры гэтым 43% пагадзіліся з адпраўкай амэрыканскіх войскаў у суседнія з Украінай краіны-чальцы NATO.