Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Незалежная Ўкраіна і дэмакратычная Беларусь ідуць поруч» — заява амбасады ЗША ў Беларусі


Дыпляматычнае прадстаўніцтва Злучаных Штатаў у Беларусі апублікавала заяву, прымеркаваную да Дня незалежнасьці Ўкраіны і паўгодзьдзя пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай.

У заяве, у прыватнасьці, гаворыцца:

«Ужо паўгода Ўкраіна вытрымлівае масіраваныя бамбардзіроўкі, аблогі гарадоў і зьверствы супраць свайго народу. Украіна змагаецца за тое, каб абараніць ня толькі сваю дэмакратыю, але і само выжываньне як незалежнай краіны. Але наступствы вайны Расеі не абмяжоўваюцца Ўкраінай. Незалежная будучыня як Украіны, гэтак і Беларусі знаходзіцца пад пагрозай з-за экспансіянісцкай, імпэрыялістычнай палітыкі Расеі.

Народ Беларусі, як і народ Украіны, імкнецца да будучыні, заснаванай на захаваньні сувэрэнітэту сваёй краіны, дэмакратычных прынцыпах і вяршэнстве закону. Але выключная засяроджанасьць рэжыму Лукашэнкі на захаваньні ўлады падарвала беларускі сувэрэнітэт і аддала беларускую тэрыторыю, паветраную прастору і інфраструктуру на службу вайсковым патрэбам Расеі. Саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны і спрыяньне ёй супярэчаць волі беларускага народу.

Ад амэрыканскіх вуліц да Майдану, ад Капіталійскага пагорка да Рады Эўразьвязу — шырокая падтрымка Ўкраіны прадэманстравала, што несправакаваныя напады на сувэрэнныя, незалежныя дзяржавы не застануцца без адказу і будуць каштаваць вельмі дорага — як для Расеі, гэтак і для рэжыму Лукашэнкі.

Пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года беларускі народ прадэманстраваў выключную непахіснасьць у падтрыманьні дэмакратычнага руху цаной вялікіх асабістых ахвяр. З 24 лютага 2022 году беларускія дэмакратычныя сілы ясна далі зразумець, што беларускі народ выступае супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну, супраць спрыяньня рэжыму Лукашэнкі ў гэтай вайне і супраць спробаў зьнішчыць сувэрэнітэт і незалежнасьць абедзьвюх краін. Беларускія добраахвотнікі змагаюцца плячо да пляча з украінскімі войскамі, абараняючы ўкраінскую тэрыторыю.

Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасьці зьбіраюць гуманітарную дапамогу і дастаўляюць яе ў падтрымку ўкраінскага народу, а беларусы прымаюць захады, каб перашкодзіць транспарціроўцы празь беларускую тэрыторыю ва Ўкраіну расейскіх боепрыпасаў і вайскоўцаў.

Злучаныя Штаты будуць працягваць дамагацца прыцягненьня рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці за абуральныя парушэньні правоў чалавека, уключаючы зьняволеньне больш за 1300 палітычных вязьняў. Мы таксама будзем цьвёрда стаяць на тым, каб прыцягнуць рэжым да адказнасьці за падтрымку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі ў імкненьні да больш дэмакратычнай, сувэрэннай і квітнеючай будучыні. І Злучаныя Штаты падтрымліваюць Украіну і яе барацьбу за сваё выжываньне, адначасова працуючы над умацаваньнем эўрапейскай бясьпекі і дэмакратычных каштоўнасьцяў. Мы падтрымліваем Украіну, таму што дзяржаўныя межы і пастаўкі харчаваньня не разьменная манэта. Мы падтрымліваем Украіну, таму што правы чалавека бясспрэчныя. Мы падтрымліваем Украіну, таму што гэта правільны ўчынак. Барацьба за захаваньне незалежнасьці Ўкраіны і аднаўленьне дэмакратыі ў Беларусі ідуць поруч.

Слава Ўкраіне і Жыве Беларусь» — гэтымі заклікамі завяршаецца заява амбасады ЗША ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG