Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: украінцы і расейцы павінны дамовіцца аб дэмілітарызацыі ЗАЭС. Украіна гатовая даць калідор для місіі МАГАТЭ


Запароская АЭС, 4 жніўня 2022
Запароская АЭС, 4 жніўня 2022

Украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што партнэры Ўкраіны падтрымалі прапанову, каб адмыслоўцы МАГАТЭ і ААН прыбылі зь місіяй на Запароскую АЭС паводле ўкраінскага заканадаўства — з тэрыторыі, не акупаванай Расеяй.

«Мы рады, што ўсе цывілізаваныя людзі нас пачулі, і цяпер мы чакаем прыезду (місіі). Мы гатовыя зрабіць бясьпечны калідор, каб яны паехалі на пакуль што акупаваную тэрыторыю», — заявіў Уладзімір Зяленскі позна ўвечары 23 жніўня на прэсавай канфэрэнцыі пасьля форуму «Крымская плятформа».

Уладзімір Зяленскі заклікаў увесь сьвет прымусіць Расею пад ціскам вывесьці свае войскі з атамнай станцыі:

«Трэба ціснуць на Расею, ставіць ім ультыматумы ад міжнароднай супольнасьці, што яны павінны выйсьці, вывезьці тэхніку, бомбы, зброю і людзей, якія дакладна не разумеюць, што там адбываецца, і ня маюць ніякага дачыненьня да атамнай энэргетыкі», — падкрэсьліў украінскі прэзыдэнт.

Пра што гаварылі на Радзе Бясьпекі ААН

Украіна пацьвердзіла магчымасьць забясьпечыць калідор для міжнароднай місіі і ў часе пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН, якую склікала Расея, абвінаваціўшы Ўкраіну ў пагаршэньні нормаў бясьпекі на станцыі.

«Узброеныя сілы Ўкраіны працягваюць практычна кожны дзень абстрэльваць тэрыторыю атамнай станцыі і горад Энэргадар, і гэта стварае рэальныя рызыкі радыяцыйнай аварыі», — заявіў на пасяджэньні прадстаўнік Расеі ў ААН Васіль Нябензя.

У сваю чаргу прадстаўнік Украіны Сяргей Кісьліца зьняпраўдзіў інфармацыю Расеі аб абстрэлах Запароскай АЭС украінскім войскам.

«Расейскія наратывы аб украінскіх абстрэлах не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Ніхто ў здаровым розуме ня можа сабе ўявіць, што Ўкраіна нацэліцца на АЭС зь вялікай рызыкай ядзернай катастрофы на сваёй тэрыторыі», — сказаў Сяргей Кісьліца.

«Я хацеў бы, каб Расея нас тут сабрала, каб мы пачулі адзінае, што хоча пачуць увесь сьвет: заяву аб тым, што Расея дэмілітарызуе Запароскую АЭС, выводзіць свае войскі і перадае яе ўраду Ўкраіны. А замест гэтага мы больш за гадзіну патрацілі на тое, каб праслухаць бясконцую лухту», — заявіў прадстаўнік Украіны ў ААН,

Намесьніца генэральнага сакратара ААН Размары Ды Карла заявіла, што абодва бакі мусяць дамовіцца аб дэмілітарызацыі ЗАЭС, нават калі вайна прадоўжыцца.

«Аб’ект ня павінен выкарыстоўвацца ў рамках якой-небудзь ваеннай апэрацыі, і павінна быць дасягнутая дамова аб бясьпечным пэрымэтры дэмілітарызацыі для бясьпекі раёну», — заявіла намесьніца генэральнага сакратара ААН.

Заклапочанасьць сусьветных лідэраў

22 жніўня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн правёў тэлефонныя перамовы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам і прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Борысам Джонсанам у сувязі зь небясьпекай на Запароскай АЭС, якую з сакавіка кантралююць расейскія войскі.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Белага дому, лідэры ўсіх краін пацьвердзілі сваю нязьменную падтрымку Ўкраіны ў абароне ад расейскай агрэсіі.

Белы Дом паведаміў, што ў часе размовы абмеркавалі сытуацыю на Запароскай АЭС, якая вынікла пасьля яе захопу Расеяй і абстрэламі пляцоўкі станцыі. Лідэры ЗША, Нямеччыны, Францыі і Вялікай Брытаніі адзначылі неабходнасьць пазьбягаць ваенных дзеяньняў паблізу ЗАЭС і важнасьць як мага хутчэйшага візыту місіі МАГАТЭ на станцыю для высьвятленьня стану яе сыстэм бясьпекі.

Запароская АЭС, 4 жніўня 2022
Запароская АЭС, 4 жніўня 2022

18 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш узгаднілі парамэтры магчымай місіі МАГАТЭ на захопленую Запароскую АЭС. Але, сказаў Зяленскі, гаворка ідзе аб тым, каб інспэктары прыбылі на станцыю «легальным чынам праз вольную ад акупантаў тэрыторыю».

Радыяцыйная пагроза на акупаванай атамнай станцыі

Украінская кампанія «Енергоатом», якая ажыцьцяўляе кіраваньне атамнымі электрастанцыямі ва Ўкраіне, зь сярэдзіны жніўня заяўляе, што захопленая расейскімі войскамі Запароская АЭС працуе з рызыкамі парушэньня нормаў радыяцыйнай і пажарнай бясьпекі.

У жніўні Расея чатыры разы абстрэльвала Запароскую АЭС, каб абвінаваціць у гэтым украінскі бок.

У выніку абстрэлаў 5 жніўня на адным з блёкаў спрацавала аварыйная абарона і пэрсаналу давялося адключыць адзін з трох працуючых энэргаблёкаў. Тады ж сур’ёзна пашкодзілі азотна-кіслародную станцыю і аб’яднаны дапаможны корпус. Паводле «Енергоатому», ёсьць рызыкі ўцечкі вадароду, распыленьня радыеактыўных рэчываў і небясьпека пажару.

Пасьля абстрэлаў 6 жніўня са строю выйшлі тры датчыкі радыяцыйнага маніторынгу каля сховішча адпрацаванага ядзернага паліва.
11 жніўня ад абстрэлаў пацярпела пажарная частка, што знаходзіцца на тэрыторыі АЭС на выпадак надзвычайных сытуацый на станцыі.

13 жніўня ў выніку выбухаў пашкоджаныя адкрытыя разьмеркавальныя прылады.
У той жа час Расея абвінавачвае ў гэтых абстрэлах украінскі бок.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG