Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці судзяць беларуса за тое, што хацеў далучыцца да добраахвотнікаў ва Ўкраіне. Гэта трэці падобны суд


Берасьцейскі абласны суд. Ілюстрацыйнае фота
Берасьцейскі абласны суд. Ілюстрацыйнае фота

23 жніўня ў Берасьцейскім абласным судзе разглядаецца крымінальная справа Андрэя Маслова па арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу).

Як піша «Вясна», верагодна, Андрэя Маслова будуць судзіць не за ўдзел, а толькі замах на ўдзел, але ў раскладзе суду гэта не пазначана. Праваабаронцы мяркуюць, што Маслоў хацеў ваяваць ва Ўкраіне.

Справу разглядае судзьдзя Сяргей Беразюк.

Каго яшчэ затрымалі і судзілі за спробы далуччыцца да добраахвотнікаў

Першай асобай у Беларусі, каму пасьля 24 лютага 2022 года, вынесьлі прысуд за тое, што хацеў далучыцца да добраахвотнікаў ва Ўкраіне стаў 37-гадовы жыхар Берасьця Сяргей Вайцюк — яго асудзілі да 2,5 года ў калёніі. Таксама да трох гадоў калёніі асудзілі 50-гадовага жыхара Салігоршчыны Міхаіла Лістападава.

Паводле абвінавачваньня, Вайцюк у сярэдзіне красавіка адправіўся на таксі ў Маларыцкі раён, у памежную зону каля дзяржаўнай мяжы Беларусі з Украінай. Прыбыўшы на месца, абвінавачаны спрабаваў перасекчы мяжу ў напрамку Ўкраіны, у тым ліку па-за ўстаноўленым пунктам пропуску, аднак не давёў свой намер да канца, паколькі быў затрыманы праваахоўнымі органамі.

Судзьдзя Сьвятлана Крамянёўская прызначыла яму 2,5 года калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму — менавіта такога пакараньня прасіў пракурор Аляксандр Богуш.

26 ліпеня ў Гомельскім абласным судзе пачаўся працэс над іншым затрыманым з той жа прычыны, што і Сяргей Вацюк, Міхаілам Лістападавым.

Яму таксама ставіцца ў віну арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

У сакавіку МУС заявіла, што супраць байцоў добраахвотніцкага батальёна імя Каліноўскага распачата крымінальная справа аб саўдзеле ў збройным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы, пасьля чаго пачаліся затрыманьні беларусаў, якія нібыта зьбіраліся адправіцца ва Ўкраіну і ваяваць у складзе палку — кагосьці выяўлялі праз фэйкавыя тэлеграм-боты, кагосьці затрымлівалі на мяжы.

Іх дзеяньні кваліфікуюцца як «падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяньнях без упаўнаважаньня дзяржавы» (ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК). Часта да яе дадаюць «палітычныя артыкулы» 342 (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці), 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) і інш., адзначаюць праваабаронцы.

14 сакавіка праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманьне 53-гадовага жыхара Докшыц (Віцебская вобласьць) Сяргея Грыбовіча. Яму ставяцца ў віну два артыкулы — 130 і 361-3 КК.

16 траўня затрымалі мастака Андрэя Раптуновіча зь Менску. Спачатку яго арыштавалі на 14 дзён за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў». На волю ён ня выйшаў: склалі пратакол за дробнае хуліганства і прызначылі яшчэ 15 дзён арышту. Затым на Раптуновіча завялі крымінальную справу паводле арт. 361-1 і 361-3.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG