Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Называюць чалавекам «Боцмана», меў канфлікт зь іншымі беларусамі-добраахвотнікамі. Хто такі «Вараг», якога звольнілі з палку Каліноўскага


Полк імя Кастуся Каліноўскага афіцыйна заявіў, што рашэньнем камандаваньня вайсковай часткі УСУ камандзір батальёну «Тэрор» з пазыўным «Вараг» быў звольнены з Узброеных сілаў Украіны, а значыць, і з палку.

Частка байцоў «Тэрору» не пагадзіліся з гэтым рашэньнем, цяпер яны адышлі ад палку з захаваньнем назвы «Тэрор», які працягвае заставацца часткай УСУ.

Свабода даведалася некалькі падрабязнасьцяў біяграфіі «Варага». Яго сапраўднае імя Алег Васільеў, яму 35 гадоў, родам з Баранавічаў.

У сямнаццацігадовым узросьце Васільеў трапіў за краты за зьбіцьцё чалавека ў Менску. Яго судзілі па артыкуле 147 КК «Наўмыснае прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня». Пункт 7 — «З хуліганскіх памкненьняў». Прысуд — 5 гадоў калёніі, пакараньне адбываў у «Воўчых норах» пад Івацэвічамі. Адзін год скасавалі па амністыі. На волю Васільеў выйшаў з умоўна-датэрміновым — у лістападзе 2007 году. Такім чынам, ён прабыў у зьняволеньні 2 гады і 8 месяцаў.

Працаваў нейкі час індывідуальным прадпрымальнікам, вазіў тавары з Польшчы і краін Балтыі. Некалькі разоў на яго складалі адміністрацыйныя пратаколы за недэкляраваньне тавараў.

Зь Беларусі канчаткова зьехаў у лістападзе 2019 году. Далей жыў ва Ўкраіне.

«Варага» часта называюць сярод паплечнікаў вядомага ў мінулым нэанацыста Сяргея «Боцмана» Кароткіх.

Кароткіх прайшоў праз школу КДБ, быў у РНЕ, сябраваў з расейскім нэанацыстам Максімам Марцінкевічам — «Цесаком». Вядомы ўдзелам у нападах на беларускіх апазыцыянэраў. У 2014 годзе атрымаў грамадзянства Ўкраіны з рук Пятра Парашэнкі. Імя Сяргея Кароткіх згадвалася ў сувязі з шэрагам рэзанансных забойстваў, у тым ліку Паўла Шарамета.

У выніку менавіта Алега Васільева, а таксама Радзівона Батуліна (пазыўны «Гена») іншыя добраахвотнікі лічылі людзьмі «Боцмана» ў палку Каліноўскага. Радзівон Батулін — грамадзянін Латвіі, у мінулым кіраўнік Беларускага дому ва Ўкраіне, вядомы сваімі правымі поглядамі. Летась Батуліну пасьля сьмерці актывіста Віталя Шышова забаранілі ўезд ва Ўкраіну. Але з пачаткам вайны Батулін займеў магчымасьць вярнуцца ва Ўкраіну.

Як расказалі Свабодзе іншыя беларусы-добраахвотнікі, калі пачалася вайна, то ва Ўкраіну Алег Васільеў і Радзівон Батулін заехалі зь першай групай з Варшавы. Аднак да беларускай роты «Азову» Васільеў і Батулін адразу не далучыліся, яны зьехалі да Кароткіх. Потым яны мелі дачыненьне да асобнай групы беларускіх добраахвотнікаў «Чорны кот».

У батальёне Каліноўскага Алег Васільеў зьявіўся ў красавіку. Ён праводзіў для навабранцаў заняткі па тактыцы. Байцы адзначаюць, што як інструктар ён праявіў сябе добра, і прэтэнзіяў да яго ня мелі.

У канцы траўня, калі ўнутры палку пачалі ўтварацца батальёны, «Вараг» стаў камандзірам батальёну «Тэрор» (названы ў гонар загінулага беларуса Зьмітра Апанасовіча, што меў такі пазыўны). «Тэрор» у асноўным дзейнічаў на паўднёвых межах Украіны.

Адразу ад пяці байцоў палку Каліноўскага Свабодзе стала вядома пра інцыдэнт, які здарыўся ў 20-х днях чэрвеня, калі «Вараг» пабіў аднаго з ключавых ваяроў палку. Гэта быў не адзіны выпадак ужываньня «Варагам» фізычнай сілы супраць добраахвотнікаў-беларусаў.

У выніку шмат байцоў запатрабавалі адстаўкі «Варага» і расьсьледаваньня таго інцыдэнту. «Вараг» не хацеў ісьці з пасады, што вылілася ў цяперашняе звальненьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG