«Неверагодна ўсьцешаны тымі словамі, што я атрымаў на свае народзіны. Тут, у сьценах старажытнага замка, якім ад пачатку зьяўляецца Валадарская турма, увогуле праблема з вольным словам. Мне падаецца, я няварты, слабы, але, зь іншага боку, гэта добрая плянка і тая вышыня, якой трэба трымацца і адпавядаць, каб сапраўды не ўпадаць у тугу ды з аптымізмам глядзець наперад. Не сумняюся, што тая бяда, што накрыла нашую краіну, хутка адступіць і адкрыецца прамы і просты, а таму лёгкі, шлях да волі і праўды, і тады мы, тыя, хто зараз з розных бакоў, сьветаў, знойдзем адзін аднаго і пабудуем шчасьлівую будучыню», — напісаў палітзьняволены.
Яўгена Батуру затрымалі 29 чэрвеня, раніцай у яго дома правялі ператрус.
Пазьней родным актывіста патэлефанаваў сьледчы і паведаміў, што Яўгена затрымалі і наступныя 10 дзён ён правядзе на Акрэсьціна.
Паводле сьледчага, Батуру затрымалі за падзеі 2020 году.
12 ліпеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў менскае СІЗА на вуліцы Валадарскага. Яму выставілі абвінавачаньне паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Падставай стаў удзел у маршы МТЗ 14 жніўня 2020 году.
31 ліпеня за кратамі Яўген сустрэў свой дзень народзінаў.