Кіраўнік Мэджлісу крымскататарскага народу, колішні дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Рэфат Чубараў паведаміў, што на тэрыторыі вайсковай часткі каля вёскі Азоўскае Джанкойскага раёну адбыліся выбухі, якія гучалі больш за гадзіну.
«Пацэлілі ў сховішча боепрыпасаў, гукі ад выбухаў далёка пракочваюцца стэпам», — напісаў Рэфат Чубараў на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле яго, кіраўнік расейскай акупацыйнай улады Крыму Сяргей Аксёнаў тэрмінова накіраваўся ў найбліжэйшае да месца здарэньня сяло Майскае.
Мясцовыя СМІ паведамляюць аб вялікім пажары ў тым раёне, зьвязаным нібыта з узгараньнем трансфарматара. Аднак афіцыйных паведамленьняў аб прычынах здарэньня няма.
Крымскія журналісты спасылаюцца на паведамленьні Сяргея Аксёнава, які паведаміў, што абставіны здарэньня высьвятляюцца.
Гэта другое здарэньне ў Крыме за апошнія 10 дзён. Дзявятага жніўня на вайсковым аэрадроме «Сакі», што паблізу пасёлку Навафёдараўка, адбылося, паводле незалежных дасьледчыкаў, больш за дзесяць выбухаў, зьнішчана каля васьмі самалётаў.
Паводле зьвестак, якія абнародаваў Рэфат Чубараў, расейскія акупацыйныя ўлады Крыму пачалі эвакуацыю цывільнага насельніцтва ў радыюсе 5 кілямэтраў ад эпіцэнтру выбухаў. Прадстаўнік крымскататарскага народу сьцьвярджае, што ўжо эвакуавалі больш за 2 тысячы мясцовых жыхароў.
«Можаце ўявіць сабе, якой магутнасьці склад боепрыпасаў заклалі расейскія акупанты ў фэрмах жывёлаагадоўчага комплексу сяла Майскага, якое знаходзіцца паблізу пасёлка Азоўскае Джанкойскага раёну, калі ў выніку выбухаў ужо эвакуавалі больш як 2 тысячы жыхароў».
Паводле яго, боепрыпасы працягваюць дэтанаваць.
У Генштабе Ўкраіны адкінулі датычнасьць украінскіх войскаў да выбухаў у Крыме. Міністэрства абароны Расеі заявіла тады, што выбухі адбыліся ў выніку дэтанацыі авіяцыйных боепрыпасаў.
Пазьней крымскія СМІ з спасылкай на прэсавую службу Міністэрства абароны Расеі паведамілі, што «ўзгараньне» на тэрыторыі пляцоўкі часовага захоўваньня боепрыпасаў у вайсковай частцы ў сяле Майскім Джанкойскага раёну.
«На месцы адбылася дэтанацыя боепрыпасаў», — удакладнілі ў Міністэрстве абароны Расеі.
Кіраўнік расейскай акупацыйнай улады Крыму Сяргей Аксёнаў паведаміў, што ад выбухаў загарэліся некалькі жылых будынкаў — яны цалкам згарэлі. Паводле яго, чыгунка ўжо цалкам адноўленая, але пачне працаваць толькі пасьля завяршэньня ўсіх неабходных захадаў бясьпекі.
Па чыгуначным участку, які пашкоджаны ў выніку выбухаў у вайсковай частцы, Расея перавозіла жывую сілу, тэхніку і боепрыпасы на часова акупаваныя тэрыторыі Херсонскай і Запароскай абласьцей.
Новыя выбухі на авіябазе ў Гвардзейскім?
Пакуль Сяргей Аксёнаў знаходзіўся ў Майскім пад Джанкоем, мясцовыя жыхары сталі паведамляць аб выбухах на яшчэ адным аб’екце — вайсковай авіябазе ў пасёлку Гвардзейскае пад Сімфэропалем.
Мясцовыя жыхары пабачылі чорны дым над авіябазай пасьля некалькіх выбухаў. Міністэрства абароны Расеі пакуль гэтага інцыдэнту не камэнтуе.
Міністэрства абароны Расеі назвала новую прычыну выбухаў
Празь некалькі гадзін пасьля здарэньня Міністэрства абароны Расеі зьмяніла вэрсію прычын выбухаў з дэтанацыі боепрыпасаў на дывэрсію.
«Раніцай 16 жніўня ў выніку дывэрсіі пацярпеў склад вайсковага прызначэньня ў раёне населенага пункту Джанкой. Шкода нанесена шэрагу цывільных аб’ектаў, сярод якіх ЛЭП, электрастанцыя, чыгунка, а таксама шэраг жылых дамоў. Сур’ёзна пацярпелых няма. Робіцца ўсё неабходнае, каб зьліквідаваць наступствы дывэрсіі», — працытавала паведамленьне Мінабароны Расеі інфармацыйнае агенцтва «Крымінфо».
Украінская выведка пра зброю, якая магла пацярпець
Упраўленьне стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Украіны паведаміла, што ў раёне аэрадрому паблізу Джанкоя знаходзілася як мінімум восем зэнітна-ракетных сыстэм С-400, тры — С-300, пяць комплексаў «Панцыр-С1», а таксама 440 транспартна-пускавых кантэйнэраў, якія назапашваліся для адпраўкі ў Херсонскую і Запароскую вобласьць для абстрэлаў Мікалаева і Запарожжа.
У раёне чыгуначнай станцыі «Азоўская» разгружалі 17 баявых браняваных машын, сем артылерыйскіх установак «Мста-С» і тры сыстэмы «Град».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.