Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Ціханоўскай расказаў, што яго не пусьцілі ва Ўкраіну


Валер Кавалеўскі
Валер Кавалеўскі

Прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у міжнародных справах Валер Кавалеўскі расказаў, што 1 жніўня яго не пусьцілі ва Ўкраіну. Пра падрабязнасьці піша «Зеркало».

Прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай ў міжнародных справах, а цяпер таксама сябра Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі плянаваў наведаць Кіеў на некалькі дзён, каб сустрэцца з дыяспарай і правесьці некалькі працоўных сустрэч. Але на польска-ўкраінскай мяжы яму адмовілі ва ўезьдзе. Сам прадстаўнік дэмакратычных сілаў ня бачыць у гэтым нічога экстраардынарнага і ўдакладняе: украінцы яго ўжо разварочвалі.

З пачатку вайны ва Ўкраіне ён наведаў гэтую краіну ня менш за восем разоў. Паводле яго, ужо здаралася так, што яго не ўпускалі на тэрыторыю Ўкраіны зь першай спробы.

— Такія інцыдэнты адбываліся і раней, прычым ня толькі са мной, але і зь іншымі маімі калегамі. Бывала, што нас здымалі зь цягніка, мы чакалі раніцы, калі прачнецца Кіеў і СБУ дасьць дабро на праезд. Але ўсё дазвалялася і мы заяжджалі ва Ўкраіну. Аднойчы была сытуацыя, калі мяне не пусьцілі ва Ўкраіну і адправілі назад у Польшчу. Тады я зрабіў другую спробу на наступны дзень і нармальна праехаў ва Ўкраіну. Прычым была тая самая зьмена [на мяжы], такі ж пакет дакумэнтаў, як і заўсёды, — расказвае Валер Кавалеўскі.

Дакладных прычын адмоў прадстаўнік Ціханоўскай ня ведае. Але мяркуе, што гэта можа быць зьвязана са збоямі ў сыстэме, эксцэсамі выканаўцаў ці нейкімі іншымі абставінамі. Адмаўляючы ва ўезьдзе, памежнікі не ўнікаюць у падрабязнасьці, але звычайна заяўляюць на недастатковасьць падставаў для ўезду ў краіну.

— У гэты раз, калі мяне не пусьцілі, у мяне быў дэфіцыт часу, і я ня стаў паўтараць спробу. Мне трэба было вяртацца на канфэрэнцыю ў Вільні (яна праходзіла 8-9 жніўня. — Заўв. рэд.). Але прычыны, якія мне назвалі, былі падобнымі на папярэднія: яны ня ўбачылі дастатковых падстаў для майго знаходжаньня ва Ўкраіне, — кажа Кавалеўскі.

Аднак у цяжкасьцях зь перасячэньнем межаў Кавалеўскі не вінаваціць Кіеў, кажа, у аснове такога стану спраў «ляжыць рашэньне Лукашэнкі ўцягнуць Беларусь у вайну і праз гэта памянялася стаўленьне да ўсіх грамадзян краіны з боку Ўкраіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG