Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі Рады Бясьпекі ААН заклікалі тэрмінова адправіць місію МАГАТЭ на Запароскую АЭС


Паседжаньне Рады Бясьпекі ААН. Архіўнае фота
Паседжаньне Рады Бясьпекі ААН. Архіўнае фота

11 жніўня па Запароскай АЭС нанесена пяць удараў, у тым ліку паблізу месца захоўваньня радыяактыўных матэрыялаў.

11 жніўня Расея і Ўкраіна на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН абвінавацілі адно аднаго ў абстрэле найбуйнейшай у Эўропе атамнай электрастанцыі, а генэральны сакратар ААН прапанаваў стварыць дэмілітарызаваную зону вакол Запароскай АЭС, каб унікнуць магчымай катастрофы, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Украінская нацыянальная кампанія «Енергоатом» паведаміла ўчора, што ў чацьвер па Запароскай АЭС было нанесена 5 удараў.

«Зафіксавана пяць „прылётаў“ у раёне камэндатуры станцыі — беспасярэдне побач з участкам зварваньня і сховішчам крыніц выпраменьваньня. На невялікім участку загарэлася трава. На шчасьце, ніхто не пацярпеў. Яшчэ пяць „прылётаў“ адбыліся ў раёне пажарнай часткі, разьмешчанай непадалёк ад ЗАЭС».

Расейскі бок заявіў, што Ўкраіна двойчы абстраляла завод і сарвала працоўную зьмену. Пра гэта паведаміла інфармацыйнае агенцтва ТАСС.

Для абмеркаваньня сытуацыі 11 жніўня было склікана тэрміновае паседжаньне Рады Бясьпекі ААН. Генэральны сакратар Антонію Гутэрыш заклікаў абодва бакі спыніць усе баявыя дзеяньні каля станцыі.

Кіраўнік Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі ў сваім выступе папярэдзіў аб «сур’ёзным» крызісе, які разгортваецца на Запароскай атамнай электрастанцыі. Ён падкрэсьліў, што МАГАТЭ неабходна тэрмінова атрымаць дазвол на місію ў Запарожжы.

Усе чальцы Рады Бясьпекі падтрымалі заклікі адправіць тэрміновую місію МАГАТЭ ва Ўкраіну. Аднак удзельнікі не прыйшлі да адзінай высновы наконт таго, хто вінаваты ў абстрэлах і хто павінен несьці адказнасьць за спрыяньне місіі.

Пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Васілій Небензя заявіў, што сьвет падштурхоўваюць «на мяжу ядзернай катастрофы, параўнальнай па маштабах з Чарнобылем». Ён запэўніў, што прадстаўнікі МАГАТЭ могуць наведаць месца ўжо ў гэтым месяцы.

ЗША ў сваю чаргу падтрымалі на паседжаньні заклік стварыць дэмілітарызаваную зону і заклікалі МАГАТЭ наведаць гэтае месца.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў відэазвароце запатрабаваў ад Расеі вярнуць станцыю пад кантроль Украіны.

«Толькі поўны вывад расейцаў і аднаўленьне поўнага ўкраінскага кантролю над сытуацыяй вакол станцыі можа гарантаваць аднаўленьне ядзернай бясьпекі для ўсёй Эўропы», — сказаў Зяленскі.

Францыя падтрымала патрабаваньне Зяленскага і заявіла, што акупацыя АЭС Расеяй пагражае сьвету.

Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе, разьмешчана ў горадзе Энэргадары, які апынуўся пад кантролем расейскіх вайскоўцаў у сакавіку сёлета. АЭС раней была абстраляная 5 і 7 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG