Як стала вядома «Нашай Ніве», цяпер вядзецца работа па структурызацыі інфармацыі архіву, каб адкрыць да яго доступ усім ахвотным.
Мяркуецца, што каля 200 тысяч ахвяр рэпрэсій загінулі. Імаверна, больш за 30 тысяч чалавек спачываюць у адных толькі Курапатах пад Менскам. Большасьць гэтых бязьвінных ахвяр у далейшым былі рэабілітаваныя, а факт незаконных палітычных рэпрэсій прызнаны на дзяржаўным узроўні яшчэ ў часы СССР.
У Беларусі пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі ў 1994-м тэму камуністычных рэпрэсій зноў пачалі замоўчваць. У адрозьненьне ад суседніх краін, архівы савецкай дзяржбясьпекі так і не адкрылі.
КДБ алічбоўвала запісы са свайго архіву датычна рэпрэсаваных у Савецкім Саюзе беларусаў. А цяпер ініцыятыва сілавікоў, якія сталі супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі, атрымала алічбаваны архіў КДБ з запісамі пра ахвяр рэпрэсій.
У ім тысячы і тысячы прозьвішчаў. Дакладную колькасьць, як кажуць прадстаўнікі ініцыятывы, назваць пакуль цяжка, бо архітэктура базы надта складаная.
«У гэты момант вядзецца праца па структурызацыі гэтай інфармацыі, зьвядзеньня яе ў такую базу, зь якой зможа працаваць кожны, проста ўвёўшы прозьвішча. Пасьля гэтага плянуецца, што база будзе выкладзена ў адкрыты доступ і стане даступнай для кожнага».
Падрабязную базу дадзеных пра частку рэпрэсаваных савецкімі ўладамі беларусаў ужо больш за дзесяць гадоў таму апублікавала Радыё Свабода. «Картатэка Сталіна» — гэта зьвесткі пра 10% рэпрэсаваных у Беларусі, якія здабылі сябры «Мартыралёгу Беларусі» і журналісты Радыё Свабода з афіцыйных, закрытых і адкрытых крыніц. У «Картатэцы» больш за 60 тысяч біяграмаў людзей, рэпрэсаваных паводле палітычных артыкулаў. Колькі такіх было ўсяго, ведае толькі КГБ.