На думку суду, кампаніі Трампа значна завышалі кошт сваіх актываў — гатэляў, гольф-клюбаў і іншай нерухомасьці — каб атрымліваць буйныя крэдыты, але заніжалі прыбытак, каб сысьці ад падаткаў.
Трамп прысягнуў у судзе гаварыць толькі праўду, але адмовіўся адказваць на большасьць пытаньняў, скарыстаўшыся пятай папраўкай да Канстытуцыі ЗША, якая дазваляе ня сьведчыць супраць сябе і найбліжэйшых сваякоў.
Трамп заявіў, што справа супраць яго палітычна матываваная. Ён згадаў, што належыць да рэспубліканскай партыі, а судзьдзя Летыцыя Джэймз, якая вядзе справу, — да дэмакратычнай. Расьсьледаваньне фінансавых маніпуляцый сваіх кампаній ён назваў паляваньнем на ведзьмаў.
На пачатку тыдня Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў зьдзейсьніла ператрус у сядзібе Трампа Мар-а-Лага ў Флорыдзе, забраўшы мноства дакумэнтаў — у тым ліку тыя, якія зьяўляюцца дзяржаўнай уласнасьцю і якія даўно прасіў вярнуць Нацыянальны архіў ЗША.
Супраць Дональда Трампа цяпер вядуцца некалькі расьсьледаваньняў з розных нагодаў. Акрамя фінансавых махінацый і незаконнага валоданьня дакумэнтамі дзяржаўнай важнасьці, яго падазраюць у спробах паўплываць на працэдуру зацьвярджэньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, свой пройгрыш на якіх ён адмаўляўся прызнаць, і ў падбухторваньні да масавых беспарадкаў у студзені 2021 году, калі незадаволеныя вынікамі выбараў уварваліся ў вашынгтонскі Капітолій.