Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі візавыя санкцыі супраць 100 беларускіх чыноўнікаў, сілавікоў і прапагандыстаў


Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен выступіў з адмысловай заявай з нагоды другой гадавіны сфальшаваных выбараў у Беларусі.

У заяве, апублікаванай на сайце Дзярждэпартамэнту, аддаецца «належнае беларускаму народу, які зьявіўся ў рэкорднай колькасьці, каб прагаласаваць, рэалізаваць свае правы і вызначыць сваю будучыню».

«Калі стала зразумела, што выбары былі скрадзеныя рэжымам Лукашэнкі, беларускі народ сьмела выйшаў на вуліцы зь мірным патрабаваньнем свабодных і справядлівых выбараў і пераходу да дэмакратыі, — адзначаецца ў заяве. — Беларускі народ прадэманстраваў выдатную стойкасьць, падтрымліваючы прадэмакратычны рух на працягу двух гадоў цаной вялікіх асабістых ахвяраў. Гэтыя заклікі да дэмакратыі агучваюць беларусы ў выгнаньні за мяжой, больш за 1200 палітвязьняў, несправядліва затрыманых унутры краіны, і незьлічоная колькасьць простых беларускіх грамадзян».

У заяве прыгадваюцца «беспрэцэдэнтна брутальныя» рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі і гаворыцца, што Злучаныя Штаты за апошнія гады зрабілі шматлікія крокі ў адказ на злоўжываньне рэжыму, у тым ліку пашырылі паўнамоцтвы па санкцыях і разгарнулі значныя санацыйныя меры супраць рэжыму за ягоныя недэмакратычныя і дэстабілізуючыя паводзіны і парушэньні правоў чалавека.

«Сёньня мы абвяшчаем пра крокі па ўвядзеньні візавых абмежаваньняў у дачыненьні да 100 службовых асобаў рэжыму і зьвязаных зь імі асобаў за іх удзел у падрыве або нанясеньні шкоды дэмакратычным інстытутам або ў перашкаджэньні пераходу да дэмакратыі ў Беларусі ў адпаведнасьці з Указам прэзыдэнта № 8015», — гаворыцца ў заяве.

У ліку гэтых асобаў — чыноўнікі, якія займаюць высокія пасады ў Адміністрацыі прэзыдэнта, МУС, Камітэце дзяржаўнай бясьпекі, Цэнтральнай выбарчай камісіі, Генэральнай пракуратуры, Галоўным упраўленьні Сьледчага камітэту, Міністэрства транспарту і сувязі, ГУБАЗіКу, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Белтэлерадыё», Другой нацыянальнай тэлекампаніі, Вайскова-паветраных сілах і Войсках супрацьпаветранай абароны. У іх лік таксама ўваходзяць члены Нацыянальнага сходу, судзьдзі, супрацоўнікі службы бясьпекі, члены выканаўчых камітэтаў і адміністратары дзяржаўных унівэрсытэтаў.

У заяве нагадваецца, што пасьля фальсыфікаваных выбараў 2020 году Дзяржаўны дэпартамэнт распачаў крокі па ўвядзеньні візавых абмежаваньняў агулам у адносінах да 297 чалавек за падрыў дэмакратыі ў Беларусі.

У адказ на санкцыі Міністэрства замежных спраў Беларусі заявіла, што «не Брусэлю ці Вашынгтону вызначаць ступень легітымнасьці кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь». МЗС заяўляе, што вызначаць легітымнасьць кіраўніцтва Беларусі — прэрагатыва беларускага народу, які «два гады таму назад адназначна выказаўся ў падтрымку дзейнага лідэра».

«Нелегітымныя эканамічныя санкцыі заходніх краін у абыход Рады Бясьпекі ААН, авіяцыйнае эмбарга наўпрост супярэчаць міжнароднаму праву, груба парушаюць сацыяльна-эканамічныя правы грамадзян, не гаворачы ўжо аб фундамэнтальных прынцыпах рынкавай эканомікі», — адзначаецца ў заяве беларускага зьнешнепалітычнага ведамства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG