Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пінску прайшлі суды над затрыманымі падчас нядаўніх ператрусаў. Пакаралі сама меней 11 чалавек


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

4 жніўня ў Пінску праходзілі суды над тымі, да каго сілавікі прыйшлі зь ператрусамі 2 жніўня.

Частку з затрыманых судзілі за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП), іншых — паводле артыкулу аб «супраціве міліцыі» (арт. 24.3 КаАП), паведамляе «Вясна».

Судзьдзя Андрэй Бычыла прызначыў:

  • 15 дзён арышту Сяргею Савічу па арт. 19.11,
  • 15 дзён арышту Дзьмітрыю Быкаву па арт. 24.3,
  • штраф памерам 30 б. в. (960 рублёў) Алесю Рамановічу па арт. 19.11,
  • невядомае пакараньне Віктару Зельману па арт. 19.11,
  • невядомае пакараньне Міхаілу Кавалевічу па арт. 19.11.

А судзьдзя Вольга Лубнік прызначыла:

  • 15 дзён арышту Сяргею Супрановічу па арт. 24.3.
  • Акрамя таго, Лубнік пачала судзіць Дзяніса Сядых, але ў паседжаньні быў абвешчаны перапынак да 14:30.
  • Таксама судзілі Місюру (імя «Вясьне» невядомае), яму далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

У Пінску па палітычна матываваных справах арыштавалі або аштрафавалі 11 чалавек, паведаміў BPN праваабаронца Алесь Рамановіч, які сам быў затрыманы і пасьля аштрафаваны.

«Правялі рэйды па Пінску, прыйшлі ў тым ліку да мяне, — сказаў ён. — Пры затрыманьні працавалі жорстка. Арыштавалі грошы, якія належаць майму бацьку, — дзьве тысячы даляраў і 600 эўра. Яны былі ў кішэні спартыўных штаноў, у якіх мяне затрымалі».

Да суда Рамановіч быў у ізалятары часовага ўтрыманьня. 4 жніўня яго аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (960 рублёў) па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў), у яго таксама канфіскавалі тэлефон.

Па словах праваабаронцы, у пастанове на ператрус, зь якой прыйшлі да яго і іншых актывістаў, было пазначана, што ён «пакідае камэнтары ў чаце «Пінск для жыцьця».

«У камэры, дзе трымалі палітычных, не было нічога акрамя вядра з адходамі жыцьцядзейнасьці, вядра са сьмецьцем, вядра з вадой і кубачка. Бялізны не давалі, спалі на дошках на нарах», — зазначыў Рамановіч.

Праваабаронцы берасьцейскай «Вясны» раней паведамілі пра затрыманьні, якія 2 жніўня адбыліся ў Пінску. Сілавікі правялі па горадзе рэйд і затрымалі ня менш за 5 чалавек, сярод якіх тыя, каго раней неаднаразова затрымлівалі — Алесь Рамановіч і Дзяніс Сядых.

У дамах зрабілі вобшукі. Аднаму з затрыманых, згодна з папярэдняй інфармацыяй, пагражае крымінальны артыкул за распальваньне варожасьці.

У ліпені такія самыя зачысткі праходзілі ў Янаве, Драгічыне, Пружанах, Мазыры і іншых гарадах на поўдні Беларусі. Многія затрыманьні зьвязаныя з пошукам тых, хто мог фатаграфаваць перамяшчэньне расейскай тэхнікі па беларускіх дарогах для наступнага нападу на Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG