Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 жніўня ў сьвеце адзначаюць Дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі


Акцыя салідарнасьці з праваабаронцам Алесем Бяляцкім. Архіўнае фота
Акцыя салідарнасьці з праваабаронцам Алесем Бяляцкім. Архіўнае фота

Дата 4 жніўня была выбраная не выпадкова: 4 жніўня 2011 году ў Менску арыштавалі кіраўніка і заснавальніка «Вясны» Алеся Бяляцкага. Празь нейкі час яго асудзілі на 4,5 года калёніі за «ўтойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры». Сёньня праваабаронца зноў за кратамі.

У дзясятках краін сьвету з 2011-га на працягу некалькіх гадоў адзначаўся Дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, нагадвае «Вясна».

4 жніўня 2013 году ў Вільні каля беларускай амбасады адбылася акцыя ў падтрымку зьняволенага кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага: людзі выйшлі ў масках зь ягоным тварам, каб сказаць, што, нягледзячы на арышт праваабаронцы, арганізацыя будзе працягваць сваю дзейнасьць.

Пасьля вызваленьня Алеся Бяляцкага Дзень салідарнасьці працягвалі адзначаць як магчымасьць яшчэ раз нагадаць пра палітычных вязьняў у Беларусі. Так, у наступныя гады 4 жніўня ладзіліся акцыі салідарнасьці і падпісваньне паштовак палітвязьням, дыскусіі на тэму правоў чалавека, круглыя сталы, канцэрты, прагляды дакумэнтальных фільмаў, фотавыставы, пэрформансы.

У 2015 годзе на Ратушнай плошчы ў Вільні сабраліся беларускія і літоўскія праваабаронцы, грамадзкія і палітычныя актывісты, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Літве. У акцыі ўзяў удзел дэпутат Лінас Бальсіс — адзін зь літоўскіх палітыкаў-апекуноў беларускіх палітвязьняў. Тады Бальсіс зьявіўся ў адмысловай футболцы з фатаздымкам свайго падшэфнага — Мікалая Дзядка.

Ціск на праваабаронцаў і актывістаў Беларусі не спыніўся. На працягу ўсяго існаваньня «Вясны» яе сябры сутыкаліся зь перасьледам і ціскам з боку ўладаў, перашкодамі ў сваёй дзейнасьці, пачынаючы з пазбаўленьня рэгістрацыі ў 2003 годзе і заканчваючы арыштам сямі сяброў арганізацыі і фактычным выгнаньнем «Вясны» з краіны пасьля выбараў прэзыдэнта ў 2020 годзе.

Старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, юрыст арганізацыі Ўладзімер Лабковіч і праваабаронца Валянцін Стэфановіч з 14 ліпеня 2021 году знаходзяцца ў зьняволеньні за сваю прафэсійную дзейнасьць. Сьледзтва працягваецца да сёньня, на якой яно стадыі, невядома. З адвакатаў праваабаронцаў узялі падпіскі аб невыдаваньні, таму справа пакрытая таямніцай.

Раней праваабаронцу Леаніда Судаленку пакаралі 3 гадамі зьняволеньня за нібыта «арганізацыю масавых беспарадкаў» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу). Разам зь ім асудзілі Тацяну Ласіцу, валянтэрку «Вясны» (яна атрымала 2,5 года калёніі). Яшчэ адна фігурантка справы, Марыя Тарасенка, да прысуду выехала зь Беларусі.

Да гэтага моманту працягваецца суд над каардынатаркай валянтэрскай службы «Вясны» Марфай Рабковай і праваабаронцам Андрэем Чапюком.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG