Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўсе абмяркоўваюць магчымы візыт сьпікера Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі на Тайвань


Нэнсі Пэлосі, сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, люты 2022
Нэнсі Пэлосі, сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, люты 2022

Белы дом папярэдзіў, што Кітай можа адказаць на магчымы візыт Нэнсі Пэлосі на Тайвань ваеннымі правакацыямі. Паводле прэс-сакратара Джона Кірбі, гэта можа быць ракетны абстрэл тэрыторыі паблізу Тайваня або маштабныя паветраныя ці марскія апэрацыі.

Урад ЗША афіцыйна не пацьверджваў, што Нэнсі Пэлосі наведае Тайвань.

Нэнсі Пэлосі, сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, у аўторак прыбыла ў Малайзію падчас свайго туру па Азіі. Тайваньскія і амэрыканскія СМІ паведамляюць, што яна плянуе наведаць Тайбэй у аўторак увечары, але афіцыйнага пацьверджаньня не было.

  • Тайвань зьяўляецца самакіравальным востравам, але на яго прэтэндуе Кітай, які лічыць Тайвань сэпаратысцкай правінцыяй. Пэкін папярэдзіў аб «сур'ёзных наступствах», калі візыт Пэлосі адбудзецца.

У панядзелак прадстаўнік Кітаю ў ААН Чжан Цзюнь папярэдзіў, што візыт падарве адносіны паміж Пэкінам і Вашынгтонам. Міністэрства замежных спраў Кітаю таксама заявіла, што візыт Пэлосі «стане грубым умяшаньнем ва ўнутраныя справы Кітаю», дадаўшы: «Тыя, хто гуляюць з агнём, загінуць ад яго».

  • Хаця ЗША падтрымліваюць «надзейныя неафіцыйныя адносіны» з Тайванем, у іх ёсьць афіцыйныя дыпляматычныя адносіны з Кітаем, а не з Тайванем.

Сярод амэрыканскай грамадзкасьці і Кангрэсу ЗША існуе моцная двупартыйная падтрымка Тайваня. А Нэнсі Пэлосі, высокапастаўленая дзяячка Дэмакратычнай партыі, доўгі час актыўна крытыкавала кітайскае кіраўніцтва, асуджаючы парушэньні правоў чалавека ў Кітаі.

Раней яна сустракалася з прадэмакратычнымі дысыдэнтамі і наведвала плошчу Цяньаньмэнь, каб ушанаваць памяць ахвяр разьні 1989 году.

  • Апошнім часам амэрыканскія аналітыкі і прадстаўнікі вайсковых ведамстваў выказваюць засьцярогі, што Кітай можа скарыстацца расейскім нападам на Ўкраіну, каб ваенным шляхам захапіць Тайвань.
  • Перад расейскім уварваньнем ва Ўкраіну прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн казаў, што амэрыканскія вайскоўцы ня будуць удзельнічаць у ваенных дзеяньнях, абараняючы ўкраінскую тэрыторыю. Аднак сёлета Байдэн ужо некалькі разоў заяўляў, што Злучаныя Штаты будуць абараняць Тайвань у выпадку кітайскага нападу. Гаворка ідзе пра магчымае ваеннае сутыкненьне дзьвюх ядзерных дзяржаў.

Сьпікерка пачала сваё турнэ па Азіі ў нядзелю, прыляцеўшы ў Сынгапур. Яе публічна агучаны маршрут таксама ўключаў прыпынкі ў Малайзіі, Паўднёвай Карэі і Японіі, але не Тайвань.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што амэрыканскія вайскоўцы лічаць візыт Пэлосі на Тайвань цяпер «ня лепшай ідэяй».

У панядзелак прадстаўнік Белага дому ў нацыянальнай бясьпецы Джон Кірбі заявіў, што эскаляцыя з боку Кітаю таксама можа ўключаць выстаўленьне «супярэчлівых прававых прэтэнзій» у наступныя дні, напрыклад сьцьвярджэньне аб тым, што Тайваньскі праліў не зьяўляецца міжнародным водным шляхам. Паводле яго, іншыя прыкметы сьведчаць пра тое, што Пэкін можа ўварвацца ў паветраную прастору Тайваня.

Джон Кірбі адзначыў, што былы сьпікер Палаты прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі Ньют Гінгрыч наведаў Тайвань у 1997 годзе, а іншыя заканадаўцы ЗША наведалі Тайвань у пачатку сёлетняга году. Аднак амбасадар Кітая ў ААН Чжан Цзюнь заявіў, што візыт Пэлосі цяпер не параўнальны зь візытам 1997 году і будзе расцэньвацца як правакацыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG