Ўілкі Колінз, «Жанчына ў белым» (Wilkie Collins, «Woman in White», 1860)
Гэта клясычны ангельскі раман у жанры «таямніца» (mystery fiction). Калі быць прыдзірлівым, то «Жанчыну ў белым» нельга кваліфікаваць як чысты дэтэктыў, паколькі ў высьвятленьні таямніцы паходжаньня і сьмерці загалоўнай постаці ня ўдзельнічае прадстаўнік, так сказаць, «сьледчых органаў». Ролю дэтэктыва ў рамане бярэ на сябе мастак Ўільям Гартрайт, які аднойчы на вуліцы ў Лёндане сустракае невядомую яму і яўна разгубленую жанчыну, апранутую ва ўсё белае. Потым аказваецца, што жанчына ўцякла з прытулку для псыхічна расстроеных. Уладкаваўшыся настаўнікам маляваньня ў адной багатай сям’і, Ўільям нечакана сустракае «двайніка» той «жанчыны ў белым». І вырашае высьветліць яе таямніцу...
Сюжэт у кнізе пададзены даволі арыгінальна — у форме запісаў, якія вядуць розныя пэрсанажы ад свайго імя або расказваючы гісторыю, зьвязаную з героямі аповеду-расьсьледаваньня. Падобны фармальны падыход Ўілкі Колінз (1824–1889) скарыстаў у сваім рамане «Moonstone» (1866), які ўжо несумненна можна назваць чыстым дэтэктывам, паколькі ў высьвятленьні таямніцы прапажы каштоўнага сямейнага дыямэнта (загалоўнага «месячнага каменя») бярэ ўдзел наняты сям’ёй прафэсійны сьледчы з паліцыі.
«Жанчына ў белым», нягледзячы на свой не зусім і ня ўсім цяпер зразумелы антураж віктарыянскай Англіі ды даволі старасьвецкую стылістыку, няблага чытаецца і сёньня. Як у большасьці дабротных колішніх і сучасных дэтэктываў, галоўную цікавасьць у кнізе ўяўляе закручаны сюжэт, а не псыхалягічная матывацыя ўчынкаў герояў ці абставіны іх побыту. Кніга рэгулярна перавыдаецца ў Вялікай Брытаніі ды ўваходзіць у першую сотню найлепшых ангельскамоўных раманаў наагул ва ўсялякіх больш-менш сур’ёзных літаратурных рэйтынгах і апытаньнях.
Раман «Жанчына ў белым» адаптавалі разоў дваццаць для патрэбаў кіно і тэлевізіі ва ўсім сьвеце, у тым ліку ў Савецкім Саюзе ў 1982 годзе.
Агата Крысьці, «Забойства ва Ўсходнім экспрэсе» (Agatha Christie, «Murder on the Orient Express», 1934)
Вось гэта, як мне здаецца, адзін з найбольш клясычных дэтэктываў. Магчыма, найлепшы дэтэктыў Агаты Крысьці (1890–1976), якая напісала іх больш за шэсьцьдзесят. У так званы «залаты век дэтэктыўнага раману» — 1920-я і 1930-я — літаратурныя знаўцы фармулявалі патрабаваньні («запаведзі») чысьціні гэтага жанру, якіх павінны былі прытрымлівацца аўтары. Да гэтых патрабаваньняў належалі, сярод іншых, такія:
- злачынства, часьцей за ўсё забойства, зьдзяйсьняецца ў пачатку аповеду;
- злачынца як дзейны пэрсанаж уводзіцца ў сюжэт на пачатковым этапе аповеду;
- падазраваных у злачынстве, з рознымі матывамі, як правіла, некалькі чалавек;
- галоўны герой гісторыі (цэнтральны пэрсанаж) выступае ў ролі дэтэктыва;
- дэтэктыў зьбірае доказы аб злачынстве і яго ахвяры, апытваючы падазраваных і сьведак, ды выкрывае злачынцу;
- найчасьцей пад канец злачынцу арыштоўваюць або ён атрымлівае пакараньне іншым чынам.
З Блізкага Ўсходу ў Парыж вяртаецца славуты бэльгійскі дэтэктыў Эркюль Пуаро, герой болей як трыццаці раманаў Агаты Крысьці. У гэтым рамане Пуаро сядае ў Стамбуле на Ўсходні экспрэс — цягнік клясы «люкс», які праз Балканы і паўночную Італію ідзе ў францускую сталіцу. У вагоне, у якім падарожнічае Пуаро, уначы здараецца забойства. У часе, калі цягнік загруз з прычыны сьнегападу недзе ў югаслаўскай правінцыі, Пуаро расьсьледуе забойства і, зразумела, выкрывае забойцу. Насуперак адной з жалезных запаведзяў дэтэктыўнага жанру, злачынца пазьбягае адказнасьці. Больш не скажу, не хачу спойлерыць тым, хто не чытаў раману, але захоча пачытаць. Гэта варта зрабіць хаця б дзеля таго, каб зразумець, што на практыцы значыць выраз «клясычны дэтэктыў залатога веку».
Ёсьць дзьве вартасныя кінаадаптацыі раману «Забойства ва Ўсходнім экспрэсе»: у 1974 годзе карціну на падставе раману Крысьці зьняў амэрыканскі рэжысэр Сідні Люмэт (у ролі Пуаро выступіў ангельскі актор Альбэрт Фіні), а ў 2017 — брытанскі рэжысэр Кенэт Брана (ён таксама выканаў ролю Пуаро). Ёсьць таксама вядомы брытанскі тэлесэрыял пра Эркюля Пуаро, у якім ролю славутага дэтэктыва сыграў Дэйвід Сушэ.
Дэшыл Гэмэт, «Мальтыйскі сокал» (Dashiel Hammett, «The Maltese Falcon», 1930)
Раман «Мальтыйскі сокал» — гэта, мабыць, адзін зь першых высакаякасных прадстаўнікоў «крутога» (hard-boiled) дэтэктыву — жанру, які часам называюць нуар-дэтэктывам. Гэта жанр мае сваю «тройцу» амэрыканскіх клясыкаў: Дэшыла Гэмэта, Рэйманда Чэндлера і Роса Макдональда. Кажучы агульна, характэрнай прыкметай гэтага жанру зьяўляецца галоўны герой — дэтэктыў, які сутыкаецца з найбольш цёмнымі праявамі чалавечай натуры і крымінальнага асяродзьдзя ды ня мае ілюзій наконт таго, што ягоная праца ў змозе нешта палепшыць у гэтым сьвеце. У «крутых» дэтэктывах галоўным у сюжэце выступае не інтэлектуальная галаваломка сьледчага, а яго фізычная сіла, уменьне абыходзіцца са зброяй ды жыцьцёвы досьвед і спрыт, спалучаныя зь ведамі пра цёмныя бакі гарадзкога жыцьця.
У «Мальтыйскім сокале» дэтэктыва Сэма Спэйда наймаюць адшукаць зьніклую асобу і каштоўную статуэтку з выявай якраз гэтага сокала. Зьяўляюцца трупы, потым куча гангстэраў, сюжэт моцна закручваецца, але Спэйд усё пад канец размотвае, здаючы ў паліцыю... тут мог бы быць спойлер.
Уся гісторыя расказаная даволі асаблівым стылем: аповед вядзецца ад трэцяй асобы, у ім няма апісаньня думак і пачуцьцяў пэрсанажаў, а толькі тое, што яны гавораць і робяць і як выглядаюць.
Неблагая экранізацыя раману з 1941 году (ролю Сэма Спэйда сыграў Гамфры Богарт) запачаткавала ў галівудзкім кінэматографе «залатую» эпоху фільмаў «нуар» (1940-я і 1950-я).
Дэшыл Гэмэт (1894–1961) застаўся ў амэрыканскай літаратуры дзякуючы пяці «крутым» дэтэктывам, якія ён напісаў у 1929–1934 гг. У гэтай літаратуры Гэмэт пакінуў і неразгаданую да сёньняшняга дня загадку –— чаму ён не напісаў нічога вартага на працягу наступных 25 гадоў свайго жыцьця?
Рэйманд Чэндлер, «Глыбокі сон» (Raymond Chandler, «The Big Sleep», 1939)
Вось яшчэ адна кніжка дэтэктыўнага жанру, якую часта ўключаюць у першую сотню найлепшых раманаў сусьветнай літаратуры наагул. Гэта першы раман Рэйманда Чэндлера (1888–1959), які ўводзіць прыватнага дэтэктыва Філіпа Марлаў — відаць, самага славутага сьледчага ў літаратурным жанры «крутой» дэтэктыўнай прозы. Пасьля «Глыбокага сну» Чэндлер напісаў яшчэ шэсьць раманаў зь Філіпам Марлаў як галоўным героем: «Farewell, My Lovely» («Бывай, мая красуня», 1940), «The High Window» («Высокае акно», 1942), «The Lady in the Lake» («Дама ў возеры», 1943), «The Little Sister» («Сястрычка», 1949), «The Long Goodbye» («Доўгае разьвітаньне», 1953), «Playback» («Зваротны ход», 1958). Усе яны вартыя прачытаньня (і перачытваньня), але знаёмства з Чэндлерам і яго дэтэктывам трэба абавязкова пачынаць з «Глыбокага сну».
Дзеяньне раману адбываецца ў Лос-Анджэлесе і ваколіцах. Сюжэт даволі складаны і заблытаны, з мардабоем і трупамі, але ўсё пачынаецца з таго, што Філіпа Марлаў наймае стары і багаты генэрал Стэрнвуд, бацька дзьвюх незацугляных дачок, наркаманкі і німфаманкі Кармэн ды аматаркі азартных гульняў Вівіян, якая да нядаўняга часу была замужам за гангстэрам. Заданьне Марлаў — разабрацца з шантажыстам, які назьбіраў кампрамат на малодшую дачку генэрала, ды пры нагодзе паспрабаваць высьветліць, куды дзеўся муж старэйшай дачкі. Зразумела, Марлаў з усім разьбіраецца і ўсё высьвятляе, хоць не пра ўсё паведамляе генэралу, ашчаджаючы нэрвы старога чалавека.
У Чэндлера вельмі адметны, ляканічны, іранічны і адначасова «круты» стыль аповеду, як і належыць ці ня самаму выбітнаму аўтару «крутых» дэтэктываў. «Глыбокі сон» (загаловак, зразумела, адносіцца да сьмерці) пачынаецца наступным чынам:
«Была сярэдзіна кастрычніка, дзесьці каля адзінаццатай гадзіны дня. Сонца не сьвяціла, але на фоне перадгор’я было выразна відаць, як ідзе моцны дождж. На мне былі ясна-блакітны пінжак, цёмна-сіняя кашуля, гальштук і хустачка ў кішэньцы, чорныя туфлі і чорныя шкарпэткі зь цёмнасінім узорам на іх. Я быў ахайны, чысты, паголены і цьвярозы і не дурыў сабе галавы тым, што пра мяне могуць падумаць іншыя. Я выглядаў дакладна так, як павінен выглядаць добра апрануты прыватны дэтэктыў. Я ішоў зь візытам да чатырох мільёнаў даляраў».
Раман у Галівудзе экранізавалі двойчы: у 1946 ролю Марлаў выканаў Гамфры Богарт, у 1978 — Робэрт Мітчэм.
Рос Макдональд, «Справа Галтана» (Ross Macdonald, «The Galton Case», 1959)
Рос Макдональд (1915–1983), якога сваім нацыянальным пісьменьнікам лічаць як у ЗША (дзе ён жыў і пісаў), так і ў Канадзе (дзе ён выхоўваўся), — гэта трэці зь «вялікай тройцы» амэрыканскіх клясыкаў дэтэктыўнага жанру hard-boiled. Ягоны сьледчы, які выступае ажно ў васямнаццаці раманах, завецца Лью Арчэр і дзейнічае ў Сан-Францыска і ваколіцах, асабліва ў фікцыйным горадзе Санта-Тэрэза. Першы раман пра Лью Арчэра, «Рухомая мішэнь», выйшаў у 1949 годзе, апошні, «Блакітны малаточак», — у 1976-м.
Калі пачалася ковідная пандэмія і локдаўн, я, каб забіць час і пераадолець каранавірусную дэпрэсію, узяўся чытаць адзін з раманаў Макдональда — і адразу падсеў. За паўгода прачытаў усе васямнаццаць. Ну што ж, назаву гэтыя дэтэктывы ў парадку іх публікацыі, перакладаць загалоўкі ня буду: «The Moving Target» (1949), «The Drowning Pool» (1950), «The Way Some People Die» (1951), «The Ivory Grin» (1952), «Find a Victim» (1954), «The Barbarous Coast» (1956), «The Doomsters» (1958), «The Galton Case» (1959), «The Wycherly Woman» (1961), «The Zebra-Striped Hearse» (1962), «The Chill» (1964), «The Far Side of the Dollar» (1965), «Black Money» (1966), «The Instant Enemy» (1968), «The Goodbye Look» (1969), «The Underground Man» (1971), «Sleeping Beauty» (1973), «The Blue Hammer» (1976).
Спачатку Макдональда крытыкавалі за неарыгінальнасьць — маўляў, у яго няма свайго стылю і голасу, ён ня больш чым здольны імітатар Чэндлера. Чэндлер адзываўся пра першыя раманы свайго малодшага калегі таксама даволі зьневажальна. Але недзе пры трэцім рамане, як мне здаецца, Макдональд пачаў намацваць свой уласны стыль. Сам пісьменьнік, азіраючыся на зробленае, лічыў, што поўнасьцю сваім голасам ён загаварыў у «Справе Галтана», восьмым рамане пра Лью Арчэра.
У «Справе Галтана» Лью Арчэра наймае Марыя Галтан, жыхарка Санта-Тэрэзы і ўдава нафтавага мільянэра. Арчэр павінен знайсьці яе сына Энтані, які дваццаць гадоў раней пакінуў дом са сваёй цяжарнай жонкай. Выконваючы гэтае даручэньне, Арчэр раскопвае змрочныя таямніцы сям’і Галтанаў ды іншых сем’яў, замешаных у зьнікненьне сына Марыі Галтан ды нечаканае зьяўленьне яе ўнука.
Пачынаючы з 1970-х гадоў раманы пра Арчэра прыцягваюць увагу акадэмічных літаратуразнаўцаў Амэрыкі, якія «раптам» адкрываюць іхную псыхалягічную глыбіню, рэалістычнасьць у апісаньнях месцаў, майстэрскае выкарыстаньне мовы, вытанчаную вобразнасьць і – увага! — умелае ўкрапленьне філязофскіх пытаньняў у дэтэктыўную літаратуру.
Сёньня Рос Макдональд, як Гэмэт і Чэндлер, лічыцца неаспрэчным клясыкам амэрыканскай літаратуры без аніякіх удакладняльных акрэсьленьняў (кшталту: клясык дэтэктыўнага жанру ці клясык crime noir). Проста клясыкам, як Гэмінгуэй або Фолкнэр.
Вось прыклад элегантнага і канкрэтнага апісальнага стылю Макдональда, з пачатку раману «The Chill»:
«Кампус быў аазісам сьвежай зелені сярод пажухлых верасьнёвых узгоркаў. Большасьць будынкаў былі новыя, моцна сучасныя, аздобленыя прадзіраўленымі бэтоннымі пано і субтрапічнымі расьлінамі. Басаногі хлопец, які сядзеў пад пальмай узбоч дарогі, адагнуўся ад свайго Сэлінджэра і паказаў мне, кудою праехаць да адміністрацыйнага корпуса.
Я прыпаркаваўся ззаду корпуса, сярод россыпу грузавых развалінаў з факультэцкімі наклейкамі. Паміж імі стаяў новы чорны «thunderbird». Быў позьні пятнічны надвячорак, усталёўваўся доўгі акадэмічны канцатыдзень. Шкляная будка са службай інфармацыі насупраць уваходу пуставала. Калідоры былі практычна бязьлюдныя.
Я без асаблівага намаганьня знайшоў кабінэт дэкана. Абшытая панэлямі прыёмная была абстаўленая раскладной дацкай мэбляй і бялявай сакратаркай, якая ахоўвала зачыненыя ўнутраныя дзьверы, седзячы за друкавальнай машынкай. У яе быў бледны худы твар і блакітныя вочы, ператомленыя доўгай працай пры яскравым штучным асьвятленьні. І падазроны голас:
— Я магу вам у нечым дапамагчы, сэр?»
Два першыя раманы Макдональда — «Рухомая мішэнь» і «Басэйн тапельцаў» — экранізавалі з Полем Ньюманам у галоўнай ролі (дэтэктыў у гэтых стужках зваўся ня Арчэр, а Гарпэр).
Ю Нэсбю, «Сьнегавік» (Jo Nesbø, «Snømannen», 2007)
Нарвэжца Ю Нэсбю (нар. 1960) можна назваць сучасным клясыкам «крутога» дэтэктыву. Неверагодную сусьветную папулярнасьць гэты нарвэскі рок-музыкант і пісьменьнік здабыў сваім цыклем раманаў пра Гары Голе, сьледчага крымінальнай паліцыі ў Осла, спэцыяліста ў выкрываньні сэрыйных забойцаў.
Першы раман пра інспэктара Голе, «Flaggermusmannen» («Чалавек-кажан»), зьявіўся ў 1997 годзе. Апошні, дванаццаты, мае загаловак «Kniv» («Нож») і выйшаў у 2019 г. Выдавецтва Aschehoug анансуе, што празь месяц у продажы зьявіцца трынаццаты раман сэрыі пра Гары Голе: «Blodmåne» («Крывавы месяц»). Выдавецкі анонс новага «круцяка» ад Ю Нэсбю гучыць больш-менш так: «Гары адправіўся ў Лос-Анджэлес, каб дапіцца да сьмерці пасьля таго, як яго жыцьцё развалілася. Яму гэта ўдалося, але ня цалкам. Ён дапамог састарэлай актрысе Люсіль пазьбегнуць наркакартэлю, якому яна вінаватая мільён даляраў. Яна ўзамен дала яму прытулак, кампанію і пашыты на меру касьцюм».
«Сьнегавік» (2007) — адзін з найвыдатнейшых раманаў сэрыі, сёмы па ліку. Дэтэктыў Голе расьсьледуе некалькі зьнікненьняў жанчын у Осла. Пачынае ён з таго, што знаходзіць дзьве агульныя прыкметы — кожная ахвяра зьяўляецца замужняй і маці, і кожнае зьнікненьне суправаджаецца зьяўленьнем снегавіка. У 2017 годзе зьявілася неблагая экранізацыя «Сьнегавіка», у ролі Гары Голе выступіў Майкл Фасбэндэр.
Гары Голе — пэрсанаж з даволі асаблівым характарам. Ён цяжкі курэц і алькаголік, але на час сьледзтва здольны трымаць свой алькагалізм пад кантролем. У яго пастаянныя канфлікты з начальствам і некаторымі калегамі з крымінальнага аддзелу, але яго не звальняюць, бо Гары — бліскучы дэтэктыў. У яго амаль няма сяброў у паліцыі, ён не жанаты, але ў розных кнігах сэрыі апісваюцца яго цесныя адносіны (і сяброўскія, і інтымныя) з рознымі жанчынамі. Сур'ёзныя і доўгія адносіны ў яго складаюцца толькі з адвакаткай Ракель Фёўкэ; яе сын, Алег, ставіцца да Гары як да бацькі. Пасьля выпадку, апісанага ў «Сьнегавіку», іх адносіны аказаліся пад сурʼёзнымі выпрабаваньнямі, але ўсё закончылася шчасьліва...
Уладзімер Караткевіч, «Дзікае паляваньне караля Стаха» (1964)
Ня буду спрачацца наконт жанру «Дзікага паляваньня караля Стаха», калі нехта скажа, што гэта перш за ўсё фантастычны ці фантастычна-гістарычны твор. Але, як думаю, усе пагодзімся, што стрыжань сюжэту «Дзікага паляваньня» — дэтэктыўная гісторыя: пошукі Андрэем Беларэцкім разгадкі таямніцы роду Надзеі Яноўскай з Балотных Ялінаў. Што такое Дзікае Паляваньне? Хто такія Малы Чалавек і Блакітная Жанчына?
Як мы ўсе ведаем, Беларэцкі разблытвае таямніцу Дзікага Паляваньня, і сюжэт раману набывае happy ending — жахі мінулага зьнікаюць як дым, Андрэй жэніцца з Надзеяй, у іх нараджаецца дзіця. Але некаторыя таямніцы ўсё ж застаюцца.
У якім насамрэч годзе адбываюцца падзеі, апісаныя ў «Дзікім паляваньні караля Стаха»? У якім годзе 96-гадовы Беларэцкі расказвае гэтую гісторыю? І ў якім годзе на род Яноўскіх накладзена было пракляцьце, якое мелася спыніцца ў «дваццатым калене»? На гэтыя пытаньні няма дакладных адказаў ад Караткевіча. Можам толькі здагадвацца, што паколькі Надзея Яноўская нарадзілася ў 1870 годзе, то падзеі раману адбываюцца недзе пад канец 1880-х або на пачатку 1890-х. Калі прыкінуць, што тады Беларэцкаму было, скажам, 25 гадоў, то ён сваю гісторыю распавядае недзе пад канец 1950-х або на пачатку 1960-х, то бок больш-менш у часе, калі яна пісалася Караткевічам...
Аднак прыдзірацца да такіх храналягічных «прагалаў» у творы нам ня варта, тым больш што яны маглі быць пакінутыя аўтарам наўмысна. Любім мы Ўладзімера Караткевіча не за ягоную храналягічна-гістарычную дакладнасьць і выверанасьць, а за нешта іншае. Кожны, як думаю, можа тут падаць сваю прычыну. Не памылюся, калі скажу, што пераважная большасьць чытачоў беларускай літаратуры, калі ня ўсе, назавуць «Дзікае паляваньне караля Стаха» ў першай дзясятцы сваіх найбольш улюбёных беларускіх кніг. Яе проста немагчыма абмінуць у сваёй літаратурнай адукацыі.
У 1979 годзе рэжысэр Валеры Рубінчык зьняў фільм на падставе раману «Дзікае паляваньне караля Стаха». Аўтарам сцэнару быў сам Уладзімер Караткевіч, але пісьменьніку, як засьведчылі яго сучасьнікі, фільм не спадабаўся.
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.