Пра гэта паведамляе навуковы часопіс Science.
У першым дасьледаваньні навукоўцы выкарыстоўвалі картаграфічныя інструмэнты і паведамленьні ў сацсетках, каб зразумець, як распаўсюджвалася хвароба. Яны зрабілі выснову, што ў канцы 2019 году вірус ужо прысутнічаў у арганізмах жывёлаў, якіх прадавалі на рынку. Від жывёлаў не называецца, але гаворыцца, што яны знаходзіліся ў цеснаце.
На 20 сьнежня 2019 году былі зафіксаваныя восем чалавек, якія заразіліся COVID-19. Усе яны або прадавалі, або куплялі тавары ў заходнім крыле рынку. Яшчэ некалькі чалавек зь ліку першых інфікаваных не наведвалі рынку, але жылі побач зь ім.
Аўтары другога дасьледаваньня выкарыстоўвалі малекулярны мэтад для высьвятленьня, калі вірус перадаўся ад жывёлы да чалавека. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што на раньняй стадыі каранавірус меў два варыянты. Першы перадаўся ад жывёлы чалавеку каля 18 лістапада 2019 году. Празь некалькі тыдняў адбылася перадача чалавеку другога варыянту вірусу.
Першы варыянт выявілі ў тых, хто быў непасрэдна зьвязаны з рынкам, другі — толькі ў тых, хто жыў па суседзтве.
Неўзабаве пасьля выяўленьня COVID-19 навукоўцы выказалі здагадку, што распаўсюджвальнікамі вірусу былі кажаны, мяса якіх прадавалі на рынку. Пазьней таксама зьявіліся гіпотэзы аб выцеку вірусу зь лябараторыі, але экспэрты Сусьветнай арганізацыі здароўя яе не пацьвердзілі.
На днях у 12-мільённым Ухані зноў абвясьцілі локдаўн пасьля выяўленьня чацьвярых бессымптомных носьбітаў COVID-19.
Паводле апошніх зьвестак, з пачатку пандэміі каранавірусу ў сьвеце вірус выявілі амаль у 579 мільёнаў чалавек. Колькасьць загінулых ад COVID-19 набліжаецца да шасьці з паловай мільёнаў.