Былыя супрацоўнікі паліцыі Мінэапалісу Ту Тао і Джэй Аляксандар Куэнг, якія ўдзельнічалі ў затрыманьні Джорджа Флойда, прызнаныя вінаватымі ў неаказаньні дапамогі і асуджаныя да пазбаўленьня волі. Куэнг правядзе ў турме тры гады, Тао — 42 месяцы.
Абодва былыя паліцыянты ўваходзілі ў нарад, які затрымаў Флойда. Самі яны да Флойда не дакраналіся, але знаходзіліся побач і бязьдзейнічалі, калі Флойд прасіў пра дапамогу.
- 25 траўня 2020 году афраамэрыканец Джордж Флойд быў затрыманы нарадам паліцыі ў Мінэапалісе па падазрэньні, што ён расплаціўся ў краме фальшывай купюрай. Пры затрыманьні паліцыянты павалілі Флойда на асфальт, хаця ён, паводле відавочцаў, не аказваў супраціву. Адзін з паліцыянтаў, Дэрэк Шовін, наступіў каленам яму на шыю, другі — Томас Лэйн — трымаў за ногі. Нягледзячы на просьбы Флойда аб дапамозе і скаргі на недахоп паветра, Шовін не адпусьціў яго; Флойд памёр ад удушша.
- Гібель Джорджа Флойда выклікала бурную рэакцыю ў амэрыканскім грамадзтве, перш за ўсё сярод чарнаскурых жыхароў ЗША. У сотнях гарадоў прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць расізму пад лёзунгам Black Lives Matter («Жыцьці чарнаскурых маюць значэньне»). Гэтыя падзеі аказалі істотны ўплыў на грамадзка-палітычныя працэсы ў краіне і запусьцілі мноства дыскусій аб сыстэмным расізьме ў ЗША і сьвеце.
- У чэрвені 2021 году суд прызнаў Дэрэка Шовіна вінаватым у ненаўмысным забойстве і асудзіў яго да 22,5 гадоў пазбаўленьня волі. Сам Шовін віну не прызнаў. Томас Лейн атрымаў 2,5 гадоў турмы.
- Сям’і Джорджа Флойда ўлады Мінэапалісу пагадзіліся выплаціць 27 млн даляраў — гэта самая буйная сума, якая калі-небудзь выплачвалася ў штаце Мінэсота ў сувязі з пазовам аб пакрыцьці шкоды за сьмерць чалавека.