Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аўтуховіч, які галадае 16 дзён, упаў па дарозе ў суд. Судьдзя адмовіўся выклікаць хуткую


Мікола Аўтуховіч, архіўнае фота
Мікола Аўтуховіч, архіўнае фота

У Горадні працягваецца суд над «групай Аўтуховіча». Самага вядомага фігуранта справы 25 ліпеня выдалілі з судовай залі.

Мікалай Аўтуховіч галадае за кратамі 16-ы дзень, ягоны стан пагаршаецца, але ён не спыняе галадоўку.

Па дарозе ў суд Аўтуховіч упаў ад слабасьці і ўдарыўся аб кайданкі, паведаміла ягоная дачка.

Таксама вядома, што 26 ліпеня адвакатка хадайнічала каб Аўтуховіча агледзелі зьнешнія лекары, але суд адхіліў хадайніцтва, а турэмны лекар заявіў, што стан Аўтуховіча дазваляе яму браць удзел у судовых паседжаньнях. Аналіз крыві, які бралі ў Аўтуховіча 21 ліпеня, дагэтуль не гатовы, лекары ня мераюць вагу галадоўніка для кантролю.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», на пасяджэньні 26 ліпеня Мікалай прасіў лекара. Ён хацеў, каб выклікалі хуткую дапамогу, але судзьдзя Максім Філатаў адмовіў, сказаўшы, што Аўтуховічу «проста трэба паесьці».

Пасьля Мікалая Аўтуховіча выдалілі з пасяджэньня і перанесьлі працяг працэсу на 28 ліпеня.

25 ліпеня Аўтуховіча выдалілі з паседжаньня, пасьля таго як на пытаньне судзьдзі, ці можа ён сядзець, ён адказаў адмоўна. Мікалай сказаў, што з прычыны стану здароўя можа толькі ляжаць. На гэта суд сказаў, што ляжаць на лаве падсудных нельга.

На мінулым тыдні Аўтуховіча трымалі ў карцары, але затым прынялі для яго перадачу. Імаверна, гэта азначала, што яго вярнулі ў звычайную камэру.

Аўтуховіч — беларускі рэкардсмэн у турэмным галадаваньні. У 2009 годзе ён галадаваў 90 дзён, у 2005–2006 — 74 дні. Пры гэтым ён піў ваду. У 2013 годзе ён на знак пратэсту парэзаў сабе жывот у турме.

Міколу Аўтуховічу 59 гадоў, ён вэтэран вайны ў Афганістане, прадпрымальнік і грамадзкі актывіст. За кратамі ён больш як паўтара года. Усяго ў «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек. Гэта трэцяе ягонае зьняволеньне.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG