Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пры чым Аляксандар Неўскі да нашага Мазыра ў разгар вайны ва Ўкраіне?» У Мазыры хочуць высекчы частку лесапарку пад будоўлю


Мазыр, ілюстрацыйнае фота
Мазыр, ілюстрацыйнае фота

Мазырскія ўлады на просьбу Тураўскай япархіі хочуць высекчы частку адзінага ў горадзе лесапарку і пабудаваць там царкву імя расейскага палкаводца Аляксандра Неўскага. Улады абвясьцілі грамадзкія слуханьні. Людзі — збор подпісаў супраць зьнішчэньня лесапарку.

Што адбываецца

Лесапарк «Моладзевы» — папулярная ў Мазыры мясьціна для адпачынку, заняткаў спортам. Тут ёсьць пешаходныя і бегавыя маршруты, спартовыя пляцоўкі.

«Штодзень у зоне лесапарку каля сотні жыхароў Мазыра займаюцца фізкультурай і спортам. Тут жа праходзяць спартовыя спаборніцтвы, лыжныя гонкі.

У зімовы час гэта адзінае месца, дзе можна займацца на бегавых лыжах. Тут займаюцца фізкультурай навучэнцы мэдычнага і політэхнічнага каледжаў, ліцэяў будаўнікоў і геолягаў. На працягу навучальнага году штодзень у лесапарку займаюцца фізкультурай каля 500 навучэнцаў», — напісалі жыхары Мазыра ў звароце да ўладаў.

Яны супраць будаўніцтва царквы менавіта ў лесапарку.

«Цэркваў у нас дастаткова, а лесапарк адзін. Я разумею, што блізкасьць царквы да шпіталя выгадная для сьвятароў. Але нам трэба лесапарк. Тым больш ну пры чым Аляксандар Неўскі да нашага Мазыра ў разгар вайны ва Ўкраіне? У нас ёсьць свае беларускія сьвятыя», — сказаў у камэнтары Свабодзе жыхар Мазыра.

Грамадзкія слуханьні праходзяць з 3 па 27 ліпеня.

Па вэрсіі ўладаў, мэта праекту — «ушанаваньне памяці сьвятога князя Аляксандра Неўскага».

«Жыхары мікрараёну ня стануць нішчыць астраўкі жывой прыроды»

Праваслаўны сьвятар Уладзімер Драбышэўскі нагадвае, што ў Беларусі ёсьць Сабор беларускіх сьвятых.

«Але выбар Аляксандра Неўскага — гэта абсалютна ў рэчышчы „победобесия“, якое прапагандуе РПЦ», — сказаў сьвятар у камэнтары Свабодзе.

Ён лічыць, што будаўніцтвам чарговага храма ў Мазыры «РПЦ і яе структурнае падразьдзяленьне БПЦ працягваюць займацца імітацыяй жыцьця».

«Арганізацыя новага прыходу павінна адбывацца так: „Там, дзе двое ці трое зьбяруцца ў імя Маё, там і я сярод іх“, што значыць — вакол „нізавой“ ініцыятывы вернікаў, якія, хутчэй за ўсё, жывуць па суседзтве, у непасрэднай блізкасьці ад будучага храма. Але кожнаму зразумела, што жыхары мікрараёну ня стануць нішчыць у нашых гарадзкіх умовах астраўкі жывой прыроды, паркі», — кажа сьвятар.

Радыё Свабода накіравала ў Тураўскую япархію запыт з просьбай патлумачыць пазыцыю наконт пабудовы царквы. Калі будзе атрыманы афіцыйны адказ, ён будзе неадкладна апублікаваны на сайце Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG