Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі двух падазраваных у рабаваньні Люўру


Адзін з экспанатаў, скрадзены зь Люўру
Адзін з экспанатаў, скрадзены зь Люўру

Адзін з падазраваных рыхтаваўся вылецець у Альжыр.

Апэрацыя затрыманьня меркаваных злачынцаў, якую правёў паліцэйскі аддзел супрацьдзеі бандытызму працягвалася 22 гадзіны. Рабаваньне адбылося ў мінулую нядзелю.

Пры гэтым скрадзеныя каштоўнасьці пакуль ня знойдзеныя. Пра гэта паведамляе Figaro.

Падазраваных затрымалі ў суботу, 25 кастрычніка, увечары. Аднаго зь іх арыштавалі на лётнішчы Руасі-Шарль дэ Голь, калі ён рыхтаваўся да пасадкі на рэйс у Альжыр. Другога затрымалі ў парыскім раёне Сэн-Дэні.

У цяперашні час паліцыя шукае саўдзельнікаў, якіх могуць арыштаваць у найбліжэйшыя гадзіны. Аднак восем каштоўнасьцяў коштам 88 мільёнаў эўра пакуль ня знойдзеныя.

Агулам у сувязі з рабаваньнем шукаюць чатырох падазраваных: двух, якія непасрэдна праніклі ў галерэю Люўру, і яшчэ двух, якія дапамаглі падазраваным уцячы на скутэрах.

Раней СМІ пісалі, што францускія сьледчыя маюць вэрсію, паводле якой злачынцам дапамагаў адзін з супрацоўнікаў службы бясьпекі музэю, які нібыта даў ім інфармацыю пра сыстэму бясьпекі Люўру.

19 кастрычніка група невядомых асоб (паводле зьвестак сьледзтва, чатыры чалавекі) скрала зь Люўру каштоўнасьці XIX стагодзьдзя. Злачынства ўчынілі цягам сямі хвілін. Паводле папярэдніх высноў, злодзеі ў капюшонах атрымалі доступ да будынку на беразе Сены, дзе вядуцца будаўнічыя работы. Яны скарысталіся грузавым ліфтам, каб дабрацца непасрэдна да пакою ў галерэі «Апалён».

Разьбіўшы вокны, мужчыны ўвайшлі ў будынак, адзін зь іх застаўся звонку. Яны ўцяклі са здабычай на скутэрах. Сярод наведвальнікаў і пэрсаналу ніхто не пацярпеў.

Агулам рабаўнікі скралі восем прадметаў, у тым ліку каралі і завушніцу з сапфірам каралевы Марыі-Амэлі і каралевы Гартэнзіі, дыядэму, смарагдавыя каралі і пару завушніцаў Марыі-Люізы, вялікую брошку з бантам імпэратрыцы Яўгеніі і г. д. Карону імпэратаркі Яўгеніі выкінулі падчас яе ўцёкаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG