Па-першае, трэба ўвесь час думаць пра гэта, не забіваць гэтае памкненьне іншымі, напрыклад пошукам вінаватых сярод нібыта сваіх. Такі пошук дакладна не дапаможа. Будуць толькі сваркі і звадкі, і вось ужо мы разам не ляцім да зор.
Па-другое, жывучы ў канцлягеры, не пускаць гэтае пекла (парада Ганны Севярынец) сабе ў сэрца. Трэба вельмі ўважліва сачыць за сабой, каб не прапусьціць той момант, калі ў сэрцы завялася жоўць. Як толькі гэта адбылося, адразу згортвайся, замаўкай і прысьвяці час самааналізу. Ты стаў ахвярай прапаганды? Табой маніпулююць? Ты нічым не адрозьніваесься ад садыста-амонаўца з Акрэсьціна? Памятай, ніводзін самы дрэнны на сьвеце чалавек не заслугоўвае жоўці ў тваім сэрцы. Інакш ты ўжо ня ты, а чыйсьці інструмэнт для рабленьня зла. Пастарайся прызнацца сабе ў гэтым.
Хай навокал кіпяць гэтыя пустапарожнія жарсьці, помні самае важнае для цябе і ўсіх — заставацца чалавекам. Як казаў Фазіль Іскандэр, няўдзел у подласьці — цяпер для беларусаў самае галоўнае.
За мінулыя два гады я назьбіраў вялікае мноства сьведчаньняў ахвяраў рэжыму пра тое, што зь імі адбывалася ў аўтазаках, турмах, на допытах. І там заўсёды прысутнічае супрацьлеглы бок, які падмацоўвае сваю нянавісьць двума «аргумэнтамі». Гэта Ціханоўская і грошы. А сёньня, гартаючы фэйсбучную стужку, я быццам вяртаюся да тых сьведчаньняў — пішуць пра Ціханоўскую і грошы, з той самай амонаўскай «глыбінёй аргумэнтацыі».
Сьцяпан Латыпаў: «Білі дубінкай па ягадзіцах. Абапірацца я ня мог яшчэ тры тыдні. Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны сьмяяліся. Казалі: „Не крычы, твая Ціханоўская не пачуе“».
Радзівон Медушэўскі: «Стаўленьне да мяне з боку турэмнікаў было розным. Адныя разумеюць, што гэта адкрыты цырк і што амаль усім палітычным тут наогул ня месца, а іншыя лічылі нас „дурнямі і фанатамі Ціханоўскай“».
Аляксандар, 50 гадоў, інжынэр: «Чалавек у чорнай масцы, на выгляд яму было гадоў 20-25, накрыў маю галаву сьцягам, крычаў шмат брыдкіх словаў, пытаўся: „Ну і дзе твая Ціханоўская? Колькі табе заплацілі?!“ Ён пачаў біць мяне па галаве: „Ты ў мяне зараз зьясі гэты сьцяг!“ І пачаў пхаць сьцяг мне ў рот. Я сьціснуў зубы і маўчаў. Бачыў шалёныя вочы і разумеў, што размаўляць няма сэнсу».
Дзіма, 37 гадоў, Менск: «Нас не кармілі ўвогуле тры дні. На другі дзень мы спыталіся пра ежу. Яны сталі зьдзекавацца: „Заказвайце. Вам піцу ці гамбургеры? Зараз пазваню Ціханоўскай, прывязе“».
Аляксандар Фурман, грамадзянін Ізраілю: «Там было, вось як у школах расказваюць пра цягнікі ў Асьвенцім, ідэнтычная сытуацыя. Нас кідалі аднаго на аднаго, прымушалі сядзець у такой паставе, што ў цябе каленкі вельмі моцна баляць. Усё гэта з пагрозамі, з матамі-пераматамі, з абвінавачваньнем, што мы нейкія здраднікі краіны, што нам 150 даляраў плацяць, што мы нейкія агенты, што ваша Ціханоўская зьехала ў Літву, што вы цяпер разумееце, якія вы дурні».
Дзіўна чытаць гэтыя амонаўскія словы ў фэйсбучнай стужцы нібыта сваіх людзей, выказаныя з тым самым імпэтам. Як жа наша сытуацыя зьменіцца да лепшага, калі мы самі будзем сябе накручваць на тое, што «ўсё наадварот»: дабро — гэта зло, прыгожае — гэта агіднае, праўда — гэта хлусьня?
Зусім адваротнае — у выказваньнях палонных, такіх як Паліна Шарэнда-Панасюк. Памятаеце яе дыялёг з так званым судзьдзём?
«Абвінавачаная, устаньце». — «Я перад бандытамі не ўстаю».
Што там на судзе сказала Паліна пра Ціханоўскую?
«Гэта не абвінавачаньне, а палітычна матываванае злачынства. Толькі народ — крыніца законнай улады. Ні фальшывыя пратаколы галасаваньня, ні тысячы дубінак, нічога з гэтага не дае вам права на кіраваньне дзяржавай. У жніўні 2020 году народ Беларусі выбраў кіраўніком дзяржавы Сьвятлану Ціханоўскую. А тыя, хто мае дачыненьне да злачыннага захопу ўлады, паводле азначэньня зьяўляюцца бандытамі і саўдзельнікамі крымінальнага злачынства».
Ці стане прыстойны чалавек аспрэчваць гэтыя словы? Для мяне рытарычнае пытаньне.
Зьміцер Фурманаў: «Я не шкадую ні аб чым нават цяпер, пасьля турмы. Усё было б дарэмна, калі б не было тых падзей, якія адбыліся ў жніўні. Але яны адбыліся, таму я ні аб чым не шкадую. Зноў жа, гэта ня справа аднаго чалавека. Вельмі шмат зрабілі іншыя людзі. Сьвятлана Ціханоўская ня кінула ўсё, што было зроблена. Цяпер гэта сапраўды прэзыдэнтка краіны. Гэта крута. Нашая праца была недарэмнай».
Для мяне відавочна, што «амонаўскія» наскокі ў сацсетках — гэта тая самая зьява: расчалавечваньне. Асабліва на тле аб’екта наездаў, якога ў чалавечнасьці, шчырасьці і прыстойнасьці мне ў беларускай палітыцы параўнаць няма з кім.
Заўсёды выклікае павагу той, хто не апускаецца да сваркі і абразаў, да пераходу на асобы і падліку грошай у кішэні іншага, а пры тым працягвае рабіць сваю нялёгкую і стваральную працу.
Відавочна, што нікому так моцна не жадае зла рэжым Лукашэнкі, як Сьвятлане Ціханоўскай. І ніхто столькі не зрабіў, каб пазытыўны вобраз Беларусі і беларусаў увесь час прысутнічалі на парадку дня ў сьвеце. Мне відавочна, што гэта ў чыстым выглядзе змаганьне зла супраць дабра. І, на жаль, многія нібыта змагары з рэжымам апынуліся тут зь ім заадно.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.