Аўтуховіч не заяўляў, што спыняе галадаваньне, аднак, блізкія прасілі дасылаць яму ваду, сокі і мёд, каб вязень у любы момант мог пачаць выхад з галадоўкі.
Інфармацыі, як адчувае сябе вязень, няма. Аднак нагадаем, што ўжо на 10-ы дзень галадоўкі ягоны стан рэзка пагоршыўся: у яго стаў надта часты пульс, пачаліся моцныя болі і рэзі ў жываце. На наступны дзень ён сказаў, што фізычна ня можа сядзець на судовым паседжаньні.
Аўтуховіч за час галадаваньня моцна аслабеў, абязводжаны, у яго перасохлі вусны і язык, ад яго ішоў моцны пах ацэтону.
У судзе перапынак да панядзелка.
Мікола Аўтуховіч патрабуе сваім галадаваньнем толькі аднаго — каб яму пачалі перадаваць лісты ад сваякоў і іншых людзей. Нядаўна абарвалася ліставаньне нават са старой маці.
Аўтуховіч — беларускі рэкардсмэн у турэмным галадаваньні. У 2009 годзе ён галадаваў 90 дзён, у 2005–2006 — 74 дні. Пры гэтым ён піў ваду. У 2013 годзе ён на знак пратэсту парэзаў сабе жывот у турме.
Міколу Аўтуховічу 59 гадоў, ён вэтэран вайны ў Афганістане, ваўкавыскі прадпрымальнік і грамадзкі актывіст. За кратамі ён больш як паўтара года. Усяго ў «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек. Гэта трэцяе ягонае зьняволеньне.
Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.
Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».
Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.
Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.
Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.
17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:
- Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
- Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
- Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
- Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.