«Мы маем усё для аўтаномнай працы — дроны, сонечныя батарэі, генэратар, аўтамабілі, рыштунак і Starlink, — кажуць добраахвотнікі.
На трэнінгу добраахвотнікаў пабываў карэспандэнт Свабоды.
«Матывацыя ў нас адна — барацьба супраць двух рэжымаў»
У падразьдзяленьне аэравыведкі ўвайшлі дзесяць беларусаў. У кожнага свая гісторыя. Нехта нядаўна прыехаў зь Беларусі. Іншыя жылі ў эўрапейскіх краінах. Некаторыя зь іх даўно, а хтосьці знайшоў тут прытулак пасьля рэпрэсій на радзіме.
Ідэя стварэньня аэравыведкі прыйшла ад малой беларускі Вары, якая больш за год зьбірала на дрон. Калі пачалася вайна, яна аддала свой дрон на карысьць Узброеных сіл Украіны.
Збор сродкаў на аэравыведку арганізавалі Prague Support Team і BySol. З дапамогай спонсараў і неабыякавых людзей удалося сабраць грошы на дроны, рыштунак, Starlink і падрыхтоўку беларусаў. Яны рыхтаваліся ў Чэхіі і Польшчы з дасьведчанымі інструктарамі.
Днямі беларусы выправяцца ва Ўкраіну. Беларусы будуць далучацца да Інтэрнацыянальнага легіёну ў адной з частак УСУ.
Падразьдзяленьне складаецца з 10 чалавек. Па чатыры чалавекі на аэравыведцы і двое — на забесьпячэньні. Падразьдзяленьне мае некалькі баявых і трэнавальных дронаў.
«У нас розныя гісторыі, але матывацыя адна — баявыя дзеяньні супраць рэжымаў, беларускага і расейскага. У мяне яшчэ адна, асабістая матывацыя: мой тата — украінец, дзед ваяваў у Вялікую Айчынную. І мне зусім не падабаецца, што рэжымы прыпісваюць сабе заслугі майго дзеда», — тлумачыць добраахвотнік Яўген «Сола».
Ён кажа, што, па сутнасьці, сёньня полк «Пагоня» — гэта аб’яднаньне беларусаў, якія ваююць у розных частках УСУ — у мэдыцынскай эвакуацыі, спэцназе, пяхоце. Цяпер гэта і аэравыведка.
«Пакуль мы не пакажам сілу, яны ня будуць нас паважаць»
Камандзір падразьдзяленьня (ён не называе свае зьвесткі ў мэтах бясьпекі. — РС) падзяліўся ягонай матывацый удзелу ў вайне: «Абрыдла жыць пры дыктатуры».
«Раней людзі неяк зьміраліся. Але з кожным годам усё горш, калі за любую рэч чалавек можа сесьці ў турму. Гэта не нармальна. На вонкавым контуры Беларусь — як фашысцкая Італія пры нацысцкай Нямеччыне, з вусатым Мусаліні на чале. Калі мы гэтага ня зьменім, будзем Паўночнай Карэяй. Тыя розныя ва ўладзе і пры ёй, яны разумеюць толькі сілу. Калі мы не пакажам сілу, яны нас ня будуць паважаць», — тлумачыць камандзір.
Дроны могуць выконваць некалькі задач. Напрыклад, выведваць пазыцыі ворага, каб давесьці інфармацыю да вышэйшага кіраўніцтва, ці да невялікага падразьдзелу, які можа нанесьці удар.
«Калі мы працуем аўтаномна (а ў нас усё для гэтага ёсьць), мы грузім мінамёты, гранатамёты на свае аўтамабілі, пасьля выведкі пазыцый наносім туды ўдар. Для аўтаномнасьці ў нас сонечныя батарэі, вялізныя паўэр-бэнкі, генэратар. Да дрона, у прынцыпе, можна прымацаваць невялікі „груз“ — гранату ВОГ-17 ці ВОГ-25, ці нешта самаробнае — і нанесьці ўдар па праціўніку», — патлумачыў камандзір.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.