Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Складана ўявіць звычайнага чалавека, які вырашыў падпісацца на ГУБАЗіК і па вечарах чытаць пра рэпрэсіі», — палітоляг Мажэйка


Сілавікі затрымліваюць пратэстоўцаў у Менску, 2020 год
Сілавікі затрымліваюць пратэстоўцаў у Менску, 2020 год

Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Вадзім Мажэйка зьдзіўляецца, навошта апанэнты рэжыму глядзяць Азаронка і чытаюць «Жёлтые сливы»; расказвае, як улада разумее «грамадзянскую супольнасьць», і заяўляе, што лепш за ўсё ў рэжыму атрымліваецца імітацыя.

Сьцісла:

  • Дзяржава будуецца не на запытах народу, а на імпульсах зьверху
  • Беларуская прапаганда, у адрозьненьне ад расейскай, ніколі не матывавала людзей на вайну.
  • Ва ўладаў удала атрымліваецца толькі імітацыя.
  • У многіх беларусаў псыхалягічны страх прыняць праўду пра вайну такой, якой яна ёсьць.

— У беларускіх прапагандыстаў зьявілася новая мэтадычка. Зборнік пра дасягненьні, якімі трэба ганарыцца, падрыхтавала Акадэмія кіраваньня. Што цяпер улада прапануе беларусам, чаму людзі, на задуму ідэолягаў, павінны мірыцца з гэтым рэжымам, лічыць яго прымальным?

— У гэтай мэтадычцы закладзена адразу вялікая хіба ў прынцыпе яе складаньня. Бо лягічна было б ствараць такі дакумэнт, базуючыся на запатрабаваньні грамадзтва, то бок спрабаваць адлюстраваць тыя дасягненьні, якія для грамадзтва былі б прывабныя. Але ў іх іншы падыход — неахайны, нелягічны збор нейкіх статыстычных фактаў, якія з вялікімі нацяжкамі можна назваць «дасягненьнямі».

Журналісты праверылі і высьветлілі, што ў асноўным гэтая мэтадычка абапіраецца на дадзеныя 2019 году, якія цяпер ужо ня надта актуальныя. У адрозьненьне ад Расеі, лукашэнкаўскія афіцыйныя ідэолягі спрабуюць ня толькі пляжыць Захад, але шукаць нешта добрае і ў сабе. Аднак атрымліваецца ня надта, бо асноўны падыход грунтуецца на прынцыпе, што дзяржава будуецца не на запытах народу, а на імпульсах зьверху і тым, што ёсьць.

— У які бок адбываецца эвалюцыя цяперашняга менскага рэжыму? Ці можна сказаць, што мы назіраем толькі пагаршэньне і ўзмацненьне тых тэндэнцыяў, якія былі і да жніўня 2020 году? Альбо ў характары рэжыму адбываюцца якасныя стратэгічныя зьмены, якія сьведчаць пра ягоны пераход у новую стадыю?

— Сапраўды, цяпер у Расеі і Беларусі, акрамя ўжо звыклых аўтарытарных тэндэнцыяў, назіраюцца і таталітарныя. Адметнасьць таталітарызму — гэта спроба мабілізаваць грамадзтва, калі чалавек ужо ня можа быць проста пасіўным, а павінен актыўна дэманстраваць ляяльнасьць. Ужо ў першыя тыдні пратэстаў у 2020 годзе Лукашэнка пачаў рабіць неўласьцівыя яму рэчы — зьбіраць праўладныя мітынгі «ябацек». Усе ранейшыя гады яму былі ўласьцівыя фарматы афіцыйных сьвятаў, канцэртаў, сустрэчы ў працоўных калектывах — палітычныя мітынгі не былі характэрныя гэтаму рэжыму. Такім чынам улады фактычна адказваюць на мабілізацыю грамадзтва, якая адбылася, спрабуюць яе неяк перанакіраваць.

Аналітык Вадзім Мажэйка
Аналітык Вадзім Мажэйка

Адсюль і спробы барацьбы з грамадзянскай супольнасьцю, з пабудовай на яе месцы так званых GONGO-НДА, псэўданедзяржаўных арганізацыяў, стварэньне псэўдаграмадзянскай супольнасьці, напрыклад нібыта праваабарончых арганізацыяў. Усё гэта ня вельмі атрымліваецца, бо гэта спроба нацягнуць на сябе чужую скуру, гульня на чужым полі.

Удала атрымліваецца толькі імітацыя. Але спробы толькі ўзмацняюцца. Фінальныя рысы гэта набудзе, калі «ўсебеларускі народны сход» будзе скліканы як сталы орган. Бо ў ягоную архітэктуру закладзена прадстаўніцтва таго, што ўлады называюць «грамадзянскай супольнасьцю». Лукашэнка публічна падкрэсьліваў, што там будуць «нармальныя» ляяльныя патрыятычныя сілы. Так што мы, відаць, пабачым арганізацыйнае афармленьне гэтай тэндэнцыі.

— Нейкая дваістасьць назіраецца ў тэме рэпрэсіяў. З аднаго боку, улады іх апошнім часам замоўчваюць, нібыта нічога няма і краіна жыве спакойным жыцьцём. Праваабаронцы кажуць, што ўсё цяжэй у вольным доступе знайсьці матэрыялы пра суды. З другога боку, тэлеграм-каналы ГУБАЗіКа і ўмоўныя азаронкі прапагандуюць рэпрэсіі, глярыфікуюць іх. Чаму такая раздвоенасьць?

— Сапраўды, мы бачым тут два розныя падыходы. Бо розныя мэдыя працуюць на розныя аўдыторыі. Тэлеграм-каналы ГУБАЗіКу, «Жёлтые сливы», як гэта ні дзіўна, працуюць на пратэставую аўдыторыю. Бо складана ўявіць простага, звычайнага чалавека, які жыве сваім жыцьцём і вырашыў чамусьці падпісацца на ГУБАЗіК і па вечарах чытаць пра рэпрэсіі.

— Мне гэта таксама незразумела. Гэта нейкая форма псыхалягічнай нестабільнасьці і залежнасьці, мазахізму...

— І сапраўды, гэта нейкая псыхалягічная траўма. Зразумела, калі гэтыя каналы чытаюць тыя, каму гэта неабходна па працы — праваабаронцы, якія там шукаюць інфармацыю пра рэпрэсіі, аглядальнікі прапаганды. Але калі іх добраахвотна чытаюць апанэнты рэжыму... Гэта сапраўды нейкі мазахізм, бо ўсе гэтыя каналы накіраваныя на тое, каб палохаць пратэставую аўдыторыю, навязваць ёй розныя жахі. Людзі ўсё гэта глядзяць, і таму ўлада гэтыя каналы падтрымлівае, улада празь іх запалохвае пратэставую частку грамадзтва.

З другога боку, дзяржаўная тэлевізія і газэты акурат працуюць на адваротнае. На тое, каб патлумачыць больш шырокай частцы грамадзтва, больш пасіўнай, больш асьцярожнай, а таксама прыхільнікам улады, што ўсё спакойна, усё добра, жыцьцё ідзе сваім парадкам, нічога страшнага не адбываецца, пратэсты засталіся ў мінулым, вайна недзе далёка.

Таму ў асноўных дзяржаўных мэдыя рэпрэсіі асабліва не асьвятляюцца. Адзіным ня надта зразумелым выключэньнем быў працэс у справе Аўтуховіча, які чамусьці звышпадрабязна пачалі асьвятляць дзяржаўныя мэдыя.

— Калі адны аналітыкі гавораць, што ўлада цяпер абапіраецца толькі на тэрор, на сілавікоў, то іншыя адказваюць, што так не бывае. Што нейкая падтрымка сярод насельніцтва павінна быць у любой, самай непапулярнай улады, што нейкі працэнт падтрымкі ёсьць і ў Лукашэнкі. Ня так даўно аналітыкі абмяркоўвалі той факт, што, паводле незалежных сацыёлягаў, лічбы пасіўнай падтрымкі ўлады вырасьлі. Што сёньня можа выконваць ролю ранейшай сацыяльнай дамовы (мы даём вам пэўны эканамічны рост, а вы ня лезеце ў палітыку) паміж уладай і насельніцтвам?

— Любая ўлада імкнецца прадэманстраваць наяўнасьць народнай падтрымкі. Нават у Паўночнай Карэі, дзе даўно ўсталявалася ў трох пакаленьнях спадчынная манархія, улады імітуюць «дэмакратычныя» працэдуры. У заходніх грамадзтвах самыя дзіўныя і маргінальныя сілы маюць свайго выбарніка, пэўны працэнт падтрымкі. Ва Ўкраіне нават пасьля анэксіі Крыму і вайны ў Данбасе прарасейскія палітыкі зьбіралі свае ня менш за дзесяць працэнтаў падтрымкі на свабодных выбарах, нягледзячы на ваенныя дзеяньні.

Так што ня дзіва, што рэжым Лукашэнкі мае пэўную падтрымку, наколькі я разумею, па розных падліках і крытэрыях, — ад 15 да 30 адсоткаў. Таксама варта адзначыць, што ў любым грамадзтве ёсьць пэўная частка людзей, якія падтрымліваюць любую ўладу, проста за тое, што яна ўлада.

Тое, што рэйтынг падтрымкі ўладаў мяняецца, расьце вельмі павольна, па некалькі адсоткаў за пэўныя месяцы, можна, сярод іншага, патлумачыць і тым, што апанэнты беларускай улады актыўна выяжджаюць зь Беларусі, асабліва пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне. Разам з тым, вядома, існуе той аспэкт, што палітычная нэрва ня можа трымацца бясконца, грамадзтва ня можа быць напружаным увесь час. Адпаведна, пэўная частка людзей сыходзіць у пазыцыю абыякавасьці і нэўтралітэту.

— Калі ўжо працягваць тэму «раздвоенасьці», то яна назіраецца і ў рыторыцы ўладаў наконт вайны. Лукашэнка клянецца ў любові да Расеі і заяўляе, што падтрымае любыя яе крокі, гаворыць пра пагрозу агрэсіі на Беларусь, але, з другога боку, увесь час настойвае, што Беларусь сама не ваюе (нягледзячы на тое, што Беларусь, паводле ўсіх міжнародных азначэньняў, зьяўляецца суагрэсарам). Лукашэнка разумее, наколькі непапулярная вайна сярод беларусаў?

— «Мірнае неба» і «абы не было вайны» — гэта адназначныя максымы ўсяго беларускага грамадзтва. Дарэчы, беларуская прапаганда, у адрозьненьне да расейскай, ніколі не працавала на тое, каб матываваць людзей на вайну. І тут лукашэнкаўскія палітычныя рэзоны і грамадзкія настроі супадаюць.

Калі паглядзець на беларускія дзяржаўныя мэдыя (якія працуюць на «нэўтралаў» і ляяльных рэжыму), то гэтыя мэдыя замоўчваюць любыя факты ўдзелу Беларусі ў вайне — там не пабачыш, як расейскія ракеты ляцяць з тэрыторыі Беларусі ва Ўкраіну. І ўвогуле, падаецца гэта не як вайна, а як невялікая спэцапэрыцыя, дзе вайскоўцы ваююць толькі з вайскоўцамі, дзе адсутнічаюць цывільныя ахвяры.

Тут можна спаслацца на лічбу з апошняга апытаньня, паводле якога 40% беларусаў лічаць, што расейскія войскі не ўжываюць зброі супраць цывільнага насельніцтва. Я думаю, тут, сярод іншага, проста псыхалягічны страх прыняць праўду такой, якой яна ёсьць. Прыняць, што ты жывеш у краіне, якая ўдзельнічае ў агрэсіі, у вайне супраць суседняй краіны, зь якой столькі зьвязвае. Прасьцей паверыць, што Беларусь тут зусім не пры чым, а вайна — гэта не зусім вайна.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG