Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін узяў удзел у сустрэчы з прэзыдэнтам Ірану Ібрагімам Раісі і прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, а таксама правёў двухбаковыя перамовы з кожным зь лідэраў.
Таксама Пуцін ужо пяты раз сустрэўся з духоўным лідэрам Ірана аяталой Хамэнэі, і той падтрымаў вайну, пачатую Расеяй. Ён выказаўся ў тым самым ключы, як раней гэта рабілі Пуцін і непрызнаны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка: «Калі б вы не ўзялі ініцыятыву на сябе, то другі бок пачаў бы вайну з уласнай ініцыятывы».
Для Пуціна гэта трэцяя краіна, пасьля Таджыкістану і Туркмэністану, якую ён наведаў пасьля загаду пачаць вайну супраць Украіны, якую Крэмль афіцыйна называе «ваеннай спэцапэрацыяй».
На фоне візыту Пуціна ў Тэгеран расейскі «Газпром» і Нацыянальная іранская нафтавая кампанія NIOC падпісалі мэмарандум аб узаемаразуменьні і заключылі ўгоду на 40 млрд даляраў, якая прадугледжвае, сярод іншага, распрацоўку двух газавых і шасьці нафтавых радовішчаў, піша BBC.
Іран валодае другімі па аб’ёмах запасамі прыроднага газу пасьля Расеі, аднак амэрыканскія санкцыі не даюць Тэгерану доступу да новых тэхналёгій для яго здабычы і перашкаджаюць разьвіваць газавы экспарт. Алі Хамэнэі на сустрэчы з Пуціным заклікаў да ўмацаваньня энэргетычнага супрацоўніцтва з Масквой.
Пастаўкі бесьпілётнікаў у Расею
Раней шэраг заходніх СМІ называў асноўнай неаб’яўленай мэтай візыту Пуціна ў Іран намер папрасіць бесьпілётнікі.
Аднак у Іране адмаўлялі ўсе размовы на гэты конт, а міністар замежных спраў краіны Хасэйн-Амір Абдалахіян у інтэрвію італьянскай газэце La Repubblica заяўляў, што яго краіна пазьбягае любых дзеяньняў, якія могуць прывесьці да далейшай эскаляцыі ва Ўкраіне, уключаючы пастаўкі вайсковай тэхнікі.
«У нас ёсьць пагадненьні аб абароне з Расеяй, але мы ня будзем дапамагаць ніводнаму з бакоў, уцягнутых у гэты канфлікт», — заяўляў Абдалахіян.
Іншыя тэмы: вайна ў Сырыі і вываз украінскага збожжа, санкцыі
На перамовах у Тэгеране Раісі, Эрдаган і Пуцін абмяркоўвалі таксама вайну ў Сырыі, дзе Іран і Расея падтрымліваюць сілы Башара Асада, а Турэччына зь ім змагаецца. Бакі ў наступны раз зьбіраюцца сустрэцца ў Расеі.
Абмяркоўвалася на сустрэчы і тэма вывазу збожжа з Украіны. Кіраўнік Расеі адкрыта заявіў аб тым, што ўкраінскі экспарт будзе разблякаваны толькі ў абмен на зьняцьце санкцый супраць Расеі.
Напярэдадні агенцтва Reuters пісала, што ЭЗ плянуе размарозіць сродкі некаторых расейскіх банкаў для транзакцый, зьвязаных з харчамі і ўгнаеньнямі. Па дадзеных агенцтва, гэта сродкі ВТБ, «Совкомбанка», «Новикомбанка», «Промсвязьбанка», ВЭБ, банка «Открытие» і банка «Россия».
На мінулым тыдні Эўракамісія прапанавала ўдакладніць санкцыі супраць Расеі — але толькі так, каб яны «ніякім чынам не былі накіраваны на сельскагаспадарчую прадукцыю». Амэрыканскія ж улады пайшлі далей — дазволілі транзакцыі з Расеяй, зьвязаныя з угнаеньнямі, харчамі, пасяўнымі матэрыяламі, лекамі і мэдычным абсталяваньнем.