У Менск прыляцеў спэцдакладчык ААН у правах чалавека Фэліпэ Гансалес Маралес. Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз сказаў, што Менск даў згоду на візыт і пазнаёміць Маралеса са становішчам мігрантаў, якія знаходзяцца ў краіне.
18 ліпеня ў Горадні распачалася афіцыйная праграма візыту, затым дэлегацыя прыедзе ў Менск.
«У Менску спэцыяльны дакладчык будзе сустракацца зь беларускімі грамадзкімі аб’яднаньнямі, міжнароднымі арганізацыямі, якія прысутнічаюць у Беларусі, уцекачамі і мігрантамі», — сказаў Глаз.
Паводле інфармацыі прэс-службы МУС, на сустрэчы Маралес падкрэсьліў, што робіць «візыт як незалежная асоба» і «ставіць на мэце разабрацца, чым быў выкліканы крызіс на беларуска-польскай мяжы ў 2021 годзе».
Начальнік дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун заявіў, што ўлады Беларусі «зрабілі ўсё магчымае для ўратаваньня людзей, якіх былі ў роспачы пасьля немагчымасьці трапіць у Польшчу».
Маралес пацікавіўся, «ці выяўляліся ў Беларусі арганізацыі, якія садзейнічалі незаконнаму трапляньню асоб на тэрыторыі іншых краін». Бягун запэўніў яго, што «іншаземцы дзейнічалі самастойна, арыентуючыся толькі на досьвед сваіх папярэднікаў, які распаўсюджваўся ў сацыяльных сетках».
Таксама Маралес прыедзе да беларуска-польскай мяжы, якую раней штурмавалі мігранты пры ігнараваньні такіх дзеяньняў беларускімі сілавікамі, а рэжым Лукашэнкі абвінаваціў Польшчу ў негуманным стаўленьні да мігрантаў.
У ноч з 18 на 19 ліпеня нелегальна трапіць зь Беларусі ў Польшчу імкнуліся 15 чалавек, сярод іх грамадзяне Камэруну, Шры Ланкі, Ірану і Турэччыны. Пра гэта паведаміла Памежная варта Польшчы.
Польскі бок заявіў, што дадзеная група мігрантаў прыбыла транзытам праз тэрыторыю Расеі, а ў Беларусі сілавікі падвезьлі яе пад мяжу, каб нелегальна штурхнуць людзей у Эўразьвяз.