Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд зьліквідаваў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Яго лідэры ў СІЗА, незалежных прафсаюзаў у краіне не засталося

абноўлена

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь
Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь

18 ліпеня адбыўся суд над Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), куды ўваходзілі раней зьліквідаваныя прафсаюзы.

У паведамленьні Генпракуроры адзначаецца, што Вярхоўны суд вынес рашэньні аб спыненьні дзейнасьці

  • Свабоднага прафсаюзу Беларускага,
  • Свабоднага прафсаюзу мэталістаў,
  • Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энэргетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў,
  • Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці, а таксама дэмакратычных прафсаюзаў.

Слуханьне адбылося ў прызначаны час без удзелу прадстаўнікоў БКДП, піша сайт Кангрэсу. Перад гэтым Выканаўчы орган БКДП праінфармаваў Вярхоўны суд аб няўдзеле ў пасяджэньні ў сувязі з тым, што законныя прадстаўнікі БКДП Аляксандар Ярашук і Сяргей Антусевіч знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі.

У Вярхоўны суд прыехалі амбасадар Нямеччыны, амбасадар Чэхіі і прадстаўнік ЭЗ, але іх не пусьцілі назіраць за працэсам.

Вядома, што суд паведаміць БКДП аб сваім рашэньні поштай.

Раней у прэс-службы Генпракуратуры паведамілі, што дзейнасьць незалежных прафсаюзаў з 2020 года нібыта «набыла палітызаваны характар», а іх кіраўніцтва і шараговыя сябры займаліся «дэструктыўнай дзейнасьцю», удзельнічалі ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», распаўсюджвалі «экстрэмісцкую прадукцыю».

Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў: моцна асуджаем ліквідацыю незалежных прафсаюзаў у Беларусі

Генэральная сакратарка МКП Шаран Бэраў сказала, што канфэдэрацыя «катэгарычна асуджае апошні крок у кампаніі рэжыму Лукашэнкі па зьнішчэньні незалежных прафсаюзаў Беларусі».

«Гэта толькі аддаліць краіну ад таго, каб лічыцца спрыяльным месцам для ўсіх працоўных. Ліквідацыя незалежных прафсаюзаў не перашкодзіць людзям патрабаваць выкананьня сваіх фундамэнтальных правоў і дзейнічаць адпаведна. Усе арганізацыі і ўрады, якія маюць уплыў у Беларусі, абавязаны ўмяшацца зараз і паспрабаваць спыніць гэта вар’яцтва. Мы салідарныя з прафсаюзнымі дзеячамі і працоўнымі Беларусі і акажам ім усялякую падтрымку ў гэты жудасны час».

Рэпрэсіі ў дачыненьні да лідэраў незалежных прафсаюзаў

13 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, затрыманых у красавіку 2022 году.

Палітвязьнямі прызнаныя: Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Берасьнеў.

«Пазбаўленьне волі ўказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі перасьледу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідэраў апошнім часам і носіць сыстэмны характар», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG