Харватыя адмовілася дазволіць прэзыдэнту Сэрбіі прыватны візыт на месца канцэнтрацыйнага лягеру часоў ІІ сусьветнай вайны, дзе загінулі дзясяткі тысяч сэрбаў, піша Голас Амэрыкі. Тады пры ўладзе ў Харватыі знаходзіліся усташы — ульраправая палітычная сіла, якія супрацоўнічала зь гітлераўскай Нямеччынай.
Улады Харватыі заявілі, што даведаліся пра плянаваны візыт Вучыча ў лягер Ясэнавац па «неафіцыйных каналах». Міністар замежных спраў Гордан Грліч Радман заявіў журналістам, што той факт, што ўраду Харватыі афіцыйна не паведамілі аб візыце, зьяўляецца «непрымальным».
«Гэта не было паездкай на мора. Прэзыдэнт краіны — асоба, якая ахоўваецца».
Рашэньне Харватыі выклікала абурэньне ў Сэрбіі, дзе афіцыйныя асобы назвалі яго «скандальным». Міністар унутраных спраў Аляксандар Вулін заявіў, што з гэтага часу ўсе харвацкія афіцыйныя асобы павінны будуць абвяшчаць пра любы транзыт або візыт у Сэрбію і будуць знаходзіцца пад «асаблівым рэжымам кантролю».
«Гэта было антыэўрапейскае і антыцывілізацыйнае рашэньне і грубае парушэньне свабоды перамяшчэньня, — заявіла прэм’ер-міністарка Сэрбіі Ана Брнабіч, — я ня ведаю, як будуць выглядаць нашы адносіны ў будучыні... Гэта пасылае застрашлівы сыгнал».
Адносіны паміж Сэрбіяй і Харватыяй застаюцца напружанымі пасьля распаду былой Югаславіі і вайны 1991–1995 гадоў у Харватыі, калі сэрбская меншасьць пры падтрымцы афіцыйнага Бялграду на чале са Слабаданам Мілошавічам паўстала супраць незалежнасьці Харватыі. У вайне загінулі больш за 10 тысяч чалавек, аднак харваты дэакупавалі сваю дзяржаву і адваявалі незалежнасьць.
Дыпляматычныя скандалы пэрыядычна ўзьнікаюць. Папулісцкія ўлады Сэрбіі цяпер скардзяцца на тое, што ўрад Харватыі не зрабіў дастаткова, каб прызнаць злачынствы ўсташоў у час ІІ сусьветнай вайны, у той час як Заграб абвінавачвае Сэрбію ў выкарыстаньні гэтага пытаньня для ўнутранай палітыкі і вінаваціць сэрбаў у адмове асэнсаваць іхныя злачынствы ў вайне 1990-х гадоў, якую харваты называюць Айчыннай.
«Мы разглядаем гэта як правакацыю», — сказаў Грліч Радман. Ён дадаў, што такі візыт ня ёсьць шчырым, і сэнс паездкі з боку сэрбаў папраўдзе не ва ўшанаваньні ахвяр лягеру Ясэнавац, дзе дзясяткі тысяч харвацкіх сэрбаў, габрэяў і цыганоў загінулі жорсткай сьмерцю.
Пры гэтым Вучыч, які належаў да ультранацыяналістычных сілаў Сэрбіі, падтрымліваў пачатак вайны ў Харватыі ў 1990-я гады. У нядзелю ў паведамленьні ў Instagram ён падзяліўся фатаграфіяй помніка ў Ясэновацы.
«Вы (Харватыя) проста робіце сваю працу! Сэрбскі народ будзе жыць і ніколі не забудзе!» — сказаў Вучыч.
У гэты ж час у Сэрбіі неахвотна кажуць пра 90-я гады, спрабуючы ня згадваць злачынствы супраць цывільных харватаў і башнякоў у войнах таго дзесяцігодзьдзя. На афіцыйным узроўні нярэдка гучалі апраўданьні тых дзеяньняў або запярэчаньні злачынстваў, якія асуджаныя на міжнародным узроўні. Так выказваюцца ня толькі ў Бялградзе, але і ў сэрбскай меншасьці ў іншых краінах.
У ліпені грымнуў яшчэ адзін скандал, зьвязаны з гэтым: амбасада Босьніі і Герцэгавіны ў Вашынгтоне, у адрозьненьне ад іншых дыпляматычных прадстаўніцтваў БіГ у сьвеце, не прыспусьціла дзяржаўны сьцяг у памяць аб генацыдзе ў Срэбраніцы. Пасол БіГ у ЗША — прадстаўнік сэрбскай аўтаноміі ў краіне Боян Вуіч. Прабачэньняў не прагучала.