Усе яны асуджаюць расейскую агрэсію і заяўляюць аб неабходнасьці максымальнай падтрымкі Ўкраіны з боку Вялікай Брытаніі і краін NATO.
Цяперашняя міністарка замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас вядомая сваёй жорсткай пазыцыяй у адносінах да Крамля. Яе называюць зьнешнепалітычным «ястрабам». Яна падтрымлівала заявы прэмʼер-міністра Борыса Джонсана, які пайшоў у адстаўку аб неабходнасьці ўзмацніць ваенную дапамогу Ўкраіне. Трас неаднаразова выступала за ўзмацненьне жорсткасьці эканамічных санкцый супраць Расеі, у прыватнасьці, за арышт расейскіх актываў у Вялікай Брытаніі. 27 чэрвеня на ўрадавым сайце выйшаў артыкул, які яна напісала ў суаўтарстве зь міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітрыем Кулебам. У ёй Трас заяўляе: «Мы на баку Ўкраіны больш, чым калі-небудзь» і называе адзінства ўкраінцаў і брытанцаў «анафэмай для Ўладзіміра Пуціна».
Міністарка гандлю Пэні Мордонт заявіла The Telegraph, што ў выпадку яе абраньня прэмʼерам узначаліць зваротную ініцыятыву Захаду на «зьверскую агрэсію» Расеі ва Ўкраіне. Яна нагадвае, што раней была першай жанчынай, якая заняла пасаду міністра абароны Вялікай Брытаніі, і мае намер працягваць закладзеную Джонсанам палітыку адпору расейскай агрэсіі. «Вайна ва Ўкраіне — гэта вайна паміж такімі грамадзтвамі, як Брытанія, і аўтарытарнымі дыктатурамі, як у Пуціна», — кажа яна і абяцае і далей узмацняць санкцыі супраць Расеі, а таксама навучаць у Вялікабрытаніі ўкраінскіх вайскоўцаў і накіраваць брытанскі флёт у Чорнае мора, каб забясьпечыць абарону гандлёвых шляхоў з Украіны. У сябе дома яна дала прытулак бежанцам з Украіны.
Экс-міністар фінансаў Рышы Сунак, якога зараз лічаць адным з фаварытаў гонкі за пасаду прэмʼер-міністра, неаднаразова выказваўся ў падтрымку Ўкраіны. За час свайго знаходжаньня на пасадзе ён ухваліў выдзяленьне фінансавай дапамогі Ўкраіне агульнай сумай у 1, 6 мільярда фунтаў.
Кіраўнік міжнароднага камітэта Палаты абшчын Том Тугендхат у сваім твітары назваў вайну ва Ўкраіне «злачынствам супраць міру, як гэта называлі судзьдзі ў Нюрнбэргу» і заклікаў украінцаў зьбіраць пасьведчаньні аб меркаваных ваенных злачынствах расійскіх войскаў для будучага суда. Тугендхат, былы вайсковец, патрабуе значна павялічыць дапамогу ўкраінскім войскам зброяй і экіпіроўкай. Ён таксама лічыць важнымі санкцыі супраць расейскіх «вялікіх грошай» у Вялікабрытаніі. «Уладзімір Пуцін, — сказаў Тугендхат у інтэрвію Politics Home, — абкрадвае і забівае расейскі народ, потым адмывае грошы ў трэціх краінах і на іх забівае ўжо брытанцаў».
Экс-міністарка мясцовага самакіраваньня Кэмі Бадэнах радзей за іншых прэтэндэнтаў выказваецца пра вайну, аднак яна таксама падтрымлівае санкцыі супраць Расеі і працяг ваеннай дапамогі Ўкраіне.
Ніводны з прэтэндэнтаў на пасаду прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі не выказаўся за зьмякчэньне санкцый супраць Расеі або пазыцыі Вялікай Брытаніі ў дачыненьні да расейскай агрэсіі.
Новага лідэра Кансэрватыўнай партыі абяруць яе члены, пасьля таго як дэпутаты, якія ўваходзяць у парлямэнцкую фракцыю кансэрватараў, вызначаць двух кандыдатаў, якія выйшлі ў «фінал». Для гэтага прадугледжаны некалькі тураў, пасьля кожнага з якіх кандыдат, які атрымаў найменшую колькасьць галасоў, выбывае. Па выніках апошняга з тураў лідэрам быў Рышы Сунак, за ім разьмясьціліся Мордонт і Трас. Новы лідар павінен вызначыцца ў верасьні.