Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяжа на замку» для сілавікоў зробіць іх яшчэ больш зацятымі і жорсткімі


Сілавікі на беларуска-польскай мяжы
Сілавікі на беларуска-польскай мяжы

Мы горача абмяркоўваем, чым абернецца для незалежнага грамадзтва новы крок уладаў у кірунку забароны на выезд, новая цаглінка ў пабудове «жалезнай заслоны».

Але ня менш важны істотны аспэкт уплыву гэтага рашэньня на сілавікоў. Нагадаю, што новы законапраект прадугледжвае норму, паводле якой выезд за мяжу будзе магчымы толькі па ўзгадненьні зь непасрэдным кіраўніцтвам. Гэта будзе тычыцца вайскоўцаў, супрацоўнікаў і асобаў цывільнага пэрсаналу вайсковых фармаваньняў і ваенізаваных арганізацыяў, а таксама супрацоўнікаў МУС, КДБ, СК, КДК і МНС.

Іншымі словамі, ня толькі людзі ў пагонах, але кожная сакратарка, бухгальтар, кампутарнік ці эканаміст, якія працуюць у сілавым ведамстве, цяпер змогуць паехаць за мяжу толькі з дазволу свайго начальніка. І няхай нават гэта начальнік раптам аказваецца нармальным і прыязным чалавекам, на фоне агульнай атмасфэры ў краіне ён лішні раз падумае, ці варта даваць такі дазвол і ці ня выйдзе яму бокам празьмерная паблажлівасьць у гэтым пытаньні.

І, дарэчы, нават калі такі дазвол будзе атрыманы, зусім ня факт, што ўдасца атрымаць заходнюю візу. Па-першае, многія замежныя прадстаўніцтвы цяпер вымушаныя абмежаваць сваю дзейнасьць у Беларусі і не выдаюць візаў; па-другое, цалкам імаверна і заканамерна, што яны проста не пажадаюць даваць візу чалавеку, у якога месцам працы будзе пазначана «КДБ» альбо «МУС».

Што тычыцца ўласна людзей у пагонах, то ім пра адпачынак ці паездкі ў «недружалюбныя» краіны можна ўвогуле забыць (вядома, акрамя службовых заданьняў, але гэта прэрагатыва вельмі нямногіх). Варта нагадаць, што недружалюбныя краіны — гэта фактычна ўвесь «цывілізаваны сьвет», як мы яго называем. Няцяжка здагадацца, што беларускія сілавікі, канчаткова замкнутыя ў сваёй зусім не залатой клетцы, яшчэ больш будуць ненавідзець і ўласнае становішча, і тых празаходніх, прадэмакратычных людзей, якіх яны лічаць сваімі ворагамі і каго будуць абвінавачваць у сваім невыязным стане.

Сілавікі ўсё больш будуць кансэрвавацца ў закрытай ад грамадзтва «крыштальнай пасудзіне», маючы яшчэ большую злосьць на ўсіх навокал. Будуць ненавідзець ня толькі «апазыцыянэраў», але і прадпрымальнікаў, айцішнікаў, якія езьдзяць адпачываць на францускія курорты і закупляцца ў італьянскіх крамах. Карціна сьвету, дзе ёсьць «свае» і «чужыя», і так уласьцівая большасьці сілавікоў, толькі ўмацуецца з усьведамленьнем таго, што «няма куды падзецца з падводнай лодкі».

Седзячы ў сваім цесным кабінэце і шукаючы ў інтэрнэце, хто там напісаў крытычны камэнт аб прадстаўніках улады, ён разумее, што яму ня сьвеціць убачыць ані Прагу, ані Парыж, ані пляжы Адрыятыкі. Застаецца толькі ў якасьці рацыяналізацыі гэтага стану сказаць сабе «а ня надта і хацелася» і з новай сілай працягваць пошук ворагаў улады.

Тыя, хто ідзе працаваць у сілавыя структуры, ад пачатку не вылучаліся прагай да свабоды выбару. Ведалі, што ідуць у структуры, у якіх хоць нейкі намёк на самастойнасьць у прыняцьці рашэньняў, намёк на імкненьне служыць закону, а ня ўладзе, гвалтоўна выкарчоўваўся ўсе гэтыя гады, а пасьля жніўня 2020-га «иногда не до законов» стала афіцыйным правілам. Кожны, хто ідзе працаваць у сілавое ведамства цяпер, ведае, што яго чакае — праца на ўладу, а не на закон, нянавісьць значнай часткі грамадзтва і вечны невыязны статус.

Апошнія падзеі канчаткова робяць зь сілавікоў закрытую ад народу карпарацыю, гета, аддзеленае ад астатніх людзей асаблівай маральлю і правіламі. І гэта карпарацыя, у якой «уваход — рубель, а выхад — два». Што і паказвалі неаднаразовыя выпадкі асаблівай жорсткасьці прысудаў тым былым сілавікам, якія пажадалі яе пакінуць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG