Лідэр расейскага рынку КАМАЗ ужо ня можа вырабляць аўтамабілі сямействаў К4 і К5 з прычыны заходніх санкцый, хаця ён пакуль працягваў распрадаваць ранейшыя запасы. Аднак у чэрвені было прададзена на 30% менш КАМАЗаў, чым у 2021 годзе, паведамляе abw.by.
Брэнд МАЗ у статыстыцы расейскіх продажаў цяпер займае толькі пятае месца, хоць чакалася, што ў сувязі з праблемамі, што ўзьніклі ў КАМАЗа, беларуская тэхніка стане карыстацца вялікім попытам. Аднак у параўнаньні з такім жа пэрыядам леташняга году рэгістрацыі новых грузавікоў МАЗ у РФ скараціліся з 2850 да 2027 адзінак, ці на 28,9%.
Упаў продаж у Расеі і грузавікоў уласнага вырабу – «Урал» і ГАЗ, а продаж на расейскім рынку расьце толькі ў кітайцаў. У кітайскага брэнда Shacman (Shaanxi) скачок продажу ў 3,1 разы. У топ-10 самых прадаваных марак, апынуліся яшчэ два вытворцы з Кітаю: Howo і JAC.
Менскі аўтазавод у пошуках новых рынкаў пачаў перамовы з Індыяй. Кіраўніцтва МАЗу 13 ліпеня сустрэлася ў Менску з прадстаўнікамі індыйскай кампаніі SRB Group, паведаміла прэс-служба аўтазаводу. Праўда, ніякіх падрабязнасьцяў аб сустрэчы ў «МАЗе» не раскрылі. Па адной з вэрсій, прадметам перамоваў маглі быць шляхі імпартазамяшчэньня некаторых вузлоў і агрэгатаў менскіх грузавікоў, а таксама экспарт беларускай тэхнікі ў Індыю. Сярод новых рынкаў збыту, якія прапрацоўвае МАЗ – таксама Сырыя і Пакістан.