Супраць расейскага апазыцыянэра Ільлі Яшына пачалі крымінальную справу паводле артыкулу аб распаўсюдзе «фэйкаў аб расейскім войску». У яго дома ў Маскве прайшоў ператрус. Пра гэта паведаміў адвакат Вадзім Прохараў, піша расейская служба Радыё Свабода.
Па словах Прохарава, справу пачало Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Сьледчага камітэту. Як паведамляе «ОВД-Инфо» са спасылкай на іншага адваката, Міхаіла Бірукова, падставай стаў эфір Яшына ў Youtube ад 7 красавіка, у якім палітык гаварыў пра масавыя забойствы ў Бучы пад Кіевам. Яшын абвінавачваў у іх расейскіх салдатаў і цытаваў зьнятае ў горадзе відэа BBC.
Цяпер апазыцыянэру пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
Ільля Яшын — адзін зь нямногіх вядомых апазыцыйных палітыкаў, хто ня зьехаў з Расеі пасьля хвалі рэпрэсій супраць прыхільнікаў Аляксея Навальнага і пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Ён публічна выступаў супраць вайны і абвінавачваў у ёй прэзыдэнта Пуціна.
28 чэрвеня Яшына арыштавалі на 15 сутак у адміністрацыйнай справе аб непадпарадкаваньні паліцыі. Яго затрымалі ўначы, калі ён гуляў у парку ў цэнтры Масквы. Сам Яшын сьцьвярджаў, што ніякага непадпарадкаваньня пры затрыманьні не аказваў.
На мінулым тыдні паводле артыкулу аб «фэйках» аб расейскім войску на 7 гадоў пазбаўленьня волі асудзілі калегу Яшына па муніцыпальным сходзе раёну Краснасельскі (Яшын раней узначальваў савет дэпутатаў, але летась пайшоў у адстаўку) Аляксея Горынава. Гэта першы рэальны турэмны тэрмін па гэтым артыкуле.
Раней Яшын сьцьвярджаў, што ўлады спрабуюць прымусіць яго зьехаць з Расеі, чаго ён рабіць не зьбіраецца.
У Расеі завялі больш за 70 крымінальных спраў паводле артыкулу аб «фэйках аб арміі». «Няпэўнымі зьвесткамі» сьледчыя органы лічаць, у прыватнасьці, сьцьвярджэньні аб баявых дзеяньнях ва Ўкраіне, якія супярэчаць афіцыйнай пазыцыі Міністэрства абароны. У прыватнасьці, справы пачыналі супраць людзей, якія казалі, што ва Ўкраіне ў выніку расейскіх абстрэлаў гінулі мірныя жыхары.