Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вас не забылі»,— прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША зьвярнулася да беларускіх палітвязьняў і іх сем’яў


Кара Макдональд
Кара Макдональд

Намесьніца памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Кара Макдональд падчас свайго візыту ў Вільню ў інтэрвію «Нашай ніве» зазначыла, што ўлады ЗША «праводзяць дакладнае адрозьненьне між уладамі Беларусі і народам Беларусі».

«Я прыехала з Вашынгтону з пасланьнем падтрымкі тым, хто знаходзіцца на пярэднім краі змаганьня за свабоду. З пасланьнем падтрымкі дэмакратычных памкненьняў Беларусі. Я таксама прыехала з пасланьнем, што мы разумеем: Лукашэнка і ягоны рэжым не адлюстроўваюць памкненьняў беларускага народу. І што імкненьне да свабоды і чалавечай годнасьці ўрэшце пераможа», — сказала «Нашай ніве» Кара Макдональд.

Па яе словах, «несправакаванае і беспадстаўнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну выразна паказала, што ідзе барацьба за выбар будучыні: ці яна будзе аўтакратычнай, ці дэмакратычнай».

«Пуцін атакаваў суседа, таму што той наважыўся выбраць дэмакратычную будучыню. Таму мы, разам з партнэрамі і саюзьнікамі, засяродзімся на забесьпячэньні Ўкраіны сродкамі, з дапамогай якіх яна зможа сябе абараняць, — сказала Макдональд. — Мы таксама будзем вельмі падтрымліваць тыя краіны, якія апынуліся на перадавой гэтага змаганьня, якія прынялі шмат уцекачоў. А таксама краіны, што далі прытулак барацьбітам за дэмакратыю, якія вымушаныя былі пакінуць Расею, Беларусь. Мы ясна разумеем, што людзі, якія вымушаныя былі пакінуць Беларусь і Расею, — гэта таксама ахвяры аўтакратыі, і важна, каб яны маглі працягваць сваю працу, бо яны ўвасабляюць патэнцыял свабоднай Эўропы».

На думку Кары Макдональд, адчуваньне небясьпекі ў Беларусі вельмі рэальнае.

«Тое, што зрабіў Крэмль, тое, чаму паспрыяў Лукашэнка, гэта вельмі небясьпечна. Мы падзяляем гэтыя трывогі беларусаў. Вось чаму нашы намаганьні сфакусаваныя на стрымліваньні, на прадухіленьні, на прыцягненьні да адказнасьці за зьверствы, за парушэньні правоў чалавека.

У выпадку Беларусі, дзе рэпрэсіі адбываліся ўнутры краіны, Злучаныя Штаты працавалі з нашымі партнэрамі на розных узроўнях і саюзьнікамі для ўвядзеньня шасьці пакетаў санкцый. Яны ўключалі пэрсанальныя санкцыі супраць Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго сям’і, у тым ліку супраць ягоных сыноў. І гэта быў моцны сыгнал, што за ўдзел у парушэньнях правоў чалавека, у рэпрэсіях, у жорсткім задушэньні фундамэнтальных свабод наступіць адказнасьць. Былі ўведзеныя і санкцыі за тое, што Крэмль рабіў ва Ўкраіне, і за ролю Лукашэнкі ў тым, і супраць тых беларускіх чыноўнікаў, якія былі ўцягнутыя ў спробы падарваць сувэрэнітэт Украіны», — распавяла Кара Макдональд.

Яна падкрэсьліла, што ЗША прызнае унёсак беларускага народу ў падтрымку ўкраінцаў.

«Мы бачылі і салідарнасьць, і спагаду, і спачуваньне простых людзей. І я хачу падкрэсьліць, што бачым, што беларусы не падтрымліваюць гэтай вайны», — дадала намесьніца памочніка дзяржсакратара ЗША.

Таксама Макдональд закранула і тэму беларускіх палітзьняволеных.

«У Беларусі больш за 1200 палітзьняволеных цяпер. Сярод іх праваабаронцы, журналісты — людзі, якіх затрымалі проста за тое, што яны рабілі сваю працу; людзі, у якіх трэба бачыць не пагрозу, а будучыню грамадзтва. Маё пасланьне і зьняволеным, і іхным сем’ям: вас не забылі. Злучаныя Штаты разам з партнэрамі і саюзьнікамі будуць дабівацца вызваленьня палітзьняволеных і не супакояцца, пакуль усе яны не выйдуць на свабоду. І хачу падкрэсьліць, што мала вызваліць аднаго ці двух вязьняў, або частку зьняволеных. Патрэбен сыстэмны дэмантаж рэпрэсіўнай мадэлі. Гэта для Злучаных Штатаў прыярытэт», — заявіла Кара Макдональд.

Яна заклікала рэжым Лукашэнкі вызваліць усіх палітзьняволеных.

«Мы будзем разглядаць вызваленьне як пазытыўны крок. Але паўтару: рэч ня толькі ў вызваленьні. Каб не было так, што адных выпусьцілі, а другіх пасадзілі. Патрэбны сыстэмныя перамены, каб рэпрэсіі больш не паўтараліся, каб не было так, як цяпер, што „быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца“. Трэба, каб перасьлед праваабаронцаў ці людзей, якія мірна выказваюць сваю пазыцыю, стаў немагчымым. Прычым гэта ня штосьці экстраардынарнае, гэта тыя абавязкі, якія Беларусь сама на сябе прыняла згодна са сваімі міжнароднымі абавязаньнямі».

На пытаньне, ці ўсе на Захадзе разумеюць, што беларускае грамадзтва не нясе адказнасьці за вайну ва Ўкраіне, намесьніца памочніка дзяржсакратара адказала:

«Вельмі важна, каб сьвет разумеў, што гэтыя аўтакраты не прадстаўляюць сваіх грамадзтваў. Мы праводзім дакладнае адрозьненьне між уладамі Беларусі і народам Беларусі. Мы зробім усё магчымае, каб прыцягнуць рэжым Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці. Але нашы захады не скіраваныя на беларускі народ.

Нашы захады скіраваныя на тых, хто вінаваты ў рэпрэсіях, на саўдзельнікаў расейскай вайны ва Ўкраіне, і, паколькі Лукашэнка саўдзельнік, які дапамагае Пуціну ў яго дзеяньнях ва Ўкраіне, на яго. Мы аддзяляем яго ад народу Беларусі».

Кара Макдональд падкрэсьліла, што ўлады ЗША бачаць, што ў Беларусі вайну не падтрымліваюць.

«Агромністая большасьць беларусаў супраць гэтай вайны, супраць таго, каб Пуцін сілай Беларусь у гэтую вайну ўцягваў. Мы салідарныя з тымі, хто супраць вайны, і будзем падтрымліваць тых, хто трымаецца такога падыходу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG