«На сёньня больш за 11 мільёнаў чалавек — больш за чвэрць насельніцтва Ўкраіны — былі вымушаныя пакінуць свае дамы праз неапраўданую вайну Расеі, а 15,7 мільёна чалавек маюць патрэбу ў дапамозе. З таго часу, як у лютым пачалася татальная вайна прэзыдэнта Пуціна, Злучаныя Штаты выдзелілі больш за 1,28 мільярда даляраў гуманітарнай дапамогі для разьвязаньня гэтага крызісу, і мы зьяўляемся найбуйнейшым донарам гуманітарнай дапамогі Украіне сярод краін. Гэтае дадатковае фінансаваньне, якое складаецца з амаль 288 мільёнаў долараў ад Дзяржаўнага дэпартамэнту і больш за 80 мільёнаў долараў ад Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID), забясьпечыць харчаваньнем, бясьпечнай пітной вадой, грашовай дапамогай, абаронай, даступным жыльлём, экстранай мэдычнай дапамогай, будзе дапамагаць у лягістыцы і каардынацыі дапамогі», — сказаў Блінкен у заяве для прэсы.
Энтані Блінкен дадаў: «Набліжаючыся да пятага месяца жорсткага нападу Расеі на Украіну, мы працягваем заклікаць Расею неадкладна спыніць ваенныя дзеяньні, спрыяць бесьперашкоднаму гуманітарнаму доступу ва Ўкраіну і гарантаваць пастаянны бясьпечны калідор для тых, хто хоча ўцячы ў бясьпечнае месца».
«Мы ўдзячныя нашым саюзьнікам і партнэрам, якія прынялі тых, хто ўцякаў ад вайны, і вітаем рашэньне Эўразьвязу падоўжыць статус часовай аховы для грамадзян Украіны, забесьпячэньне ім дазволаў на працу і доступу да жыльля і іншых паслуг», — гаворыцца ў заяве.
Напярэдадні ЗША заявілі аб выдзяленьні Украіне новага пакета вайсковай дапамогі на 400 мільёнаў даляраў.