Ён заявіў, што яе неабходна давесьці да канца «каб ніякіх фашыстаў, паразытаў побач з намі не было, таму што потым дыхлафосу ня хопіць», цытуе яго словы агенцтва ТАСС.
Талгат Таджудзін яшчэ ў сакавіку падтрымаў вайну ва Ўкраіне, але тады ён заявіў, што мусульмане ўсяго сьвету падтрымліваюць мір і «ніхто ня рады вайне», але «ваенная спэцапэрацыя ва Ўкраіне — гэта вымушаная мера». На гэты раз рыторыка муфтыя была значна больш жорсткай.
«Калі ў суседа нейкія паразыты, полчышчы крайніх нацыяналістаў і нэанацыстаў, якія на працягу цэлых васьмі гадоў (а гэта ў два разы даўжэй, чым Вялікая Айчынная вайна) вядуць плянамернае братазабойчае кровапраліцьце і генацыд на шматпакутнай зямлі Данбасу, нам спакойна жыць немагчыма, абыякавасьць недапушчальная», — цытуе яго ТАСС.
Талгат Таджудзін абвінаваціў у гэтым Злучаныя Штаты і заявіў, што ім патураюць іншыя краіны Захаду. «Гэта вераломная зайздросная традыцыя Захаду ў дачыненьні да нашай вялікай адзінай дзяржавы паўтараецца амаль кожнае стагодзьдзе», — заявіў муфтый 9 ліпеня.
Таджудзін стаў адзіным рэлігійным лідэрам у Расеі, які прама падтрымаў баявыя дзеяньні.
Раней Вялікая Брытанія і Канада абвінавацілі ў гэтым патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, лідэра Рускай праваслаўнай царквы, унёсшы яго ў санкцыйныя сьпісы. У сваіх пропаведзях патрыярх Кірыл апраўдваў расейскіх вайскоўцаў, заяўляючы, што «імі рухае ўнутранае маральнае пачуцьцё» і заяўляў, што Расея ні на каго не нападала, але не выступаў за вайну.