Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ілан Маск перадумаў набываць Twitter за 44 млрд даляраў. Twitter зьбіраецца судзіцца


Мільярдэр Ілан Маск заявіў, што выходзіць з пагадненьня аб куплі сацыяльнай сеткі Twitter, якое ацэньвалася ў 44 млрд даляраў. Кампанія зьбіраецца падаць на Ілана Маска ў суд, каб дабіцца выкананьня пагадненьня.

У матэрыялах, пададзеных у суд адвакатамі Маска, гаворыцца, што кампанія не дала яму падрабязнай інфармацыі аб фэйкавых акаўнтах, якія існуюць на плятформе.

Старшыня рады дырэктараў кампаніі Брэт Тэйлар у адказ заявіў, што кампанія плянуе падаць у суд.

«Рада дырэктараў Twitter мае намер закрыць пагадненьне па цане і ўмовах, якія былі ўзгодненыя са спадаром Маскам, і плянуе падаць у суд, каб забясьпечыць выкананьне пагадненьня аб зьліцьці. Мы ўпэўненыя, што атрымаем перамогу ў судзе ў Дэлавэры», — напісаў Тэйлар у Твітэры.

У заяве адвакатаў Маска гаворыцца, што Twitter ня змог або адмовіўся адказваць на шматлікія запыты аб прадастаўленьні інфармацыі аб падробленых або спам-акаўнтах на плятформе, што мае асноватворнае значэньне для эфэктыўнасьці бізнэсу кампаніі. Адвакаты сьцьвярджаюць, што Twitter парушае палажэньні пагадненьня і рабіў ілжывыя заявы, на якія Маск абапіраўся пры заключэньні пагадненьня.

Раней Маск пагражаў выйсьці з пагадненьня, калі мэнэджмэнт сацсеткі не дакажа яму, што фэйкавыя і спам-акаўнты складаюць ня больш за 5% карыстальнікаў Твітэра. Кампанія Twitter у сваю чаргу настойвала на тым, што яе арыенціровачныя ацэнкі колькасьці спам-акаўнтаў дакладныя, аднак, паводле меркаваньня Маска, фальшывых акаўнтаў у сацсеткі значна больш, чым афіцыйна заяўленыя меней 5% ад штодзённай колькасьці карыстальнікаў. Сам Маск казаў, што да 20% акаўнтаў у Твітэры могуць быць фальшывымі.

Маск стаў найбуйнейшым акцыянэрам Твітэра ў красавіку, выкупіўшы адразу 9,1% акцый кампаніі. Кошт пагадненьня склаў 2,64 млрд даляраў, што азначае агульную ацэнку Twitter на ўзроўні амаль 30 млрд даляраў. Ён заявіў, што гатовы выкупіць астатнія акцыі яшчэ даражэй — па 54,2 даляра за кожную, што давяло суму пагадненьня да рэкорднай — 44 млрд даляраў.

Але пасьля таго, як 25 красавіка бізнэсоца пагадзіўся купіць Twitter, акцыі на працягу некалькіх дзён падалі, паколькі інвэстары выказалі здагадку, што Маск можа адмовіцца ад пагадненьня. 8 ліпеня пасьля заявы Маска акцыі Twitter таргаваліся на самым нізкім узроўні з сакавіка.

Кантракт патрабуе, каб Маск выплаціў Twitter кампэнсацыю ў памеры 1 млрд даляраў, калі ён ня зможа завяршыць пагадненьне па такіх прычынах, як няздольнасьць аплаціць яе — ці блякаваньне пагадненьня рэгулюючымі органамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG