Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook расказаў, як сацсеткі пагражаюць дэмакратыі і што з гэтым рабіць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У блогу кампаніі Facebook 22 студзеня задаліся пытаньнем, як сацсеткі ўплываюць на дэмакратыю.

Пакуль апублікаваныя меркаваньні кіраўніцы глябальнай палітыкі Facebook у сувязях з урадам Кэці Гарбат, мэнэджэра прадуктаў Facebook Саміда Чакрабарці і прафэсара юрыдычнага факультэту Гарвардзкага ўнівэрсытэту Каса Санстэйна, таксама чакаецца публікацыя артыкулаў прафэсаркі Сыднэйскага ўнівэрсытэту Адрыядні Ўромэн і экс-прэзыдэнта Эстоніі Тоомаса Хэндрыка Ільвэса.

Як піша Кэці Гарбат, раней пытаньне пра ўплыў сацсетак на палітыку і дэмакратыю здавалася прасьцейшым.

«Ад арабскай вясны да ўстойлівых выбараў па ўсім сьвеце, сацыяльныя мэдыя здаваліся станоўчай зьявай, — прыгадвае Гарбат. — Апошняя прэзыдэнцкая кампанія ў ЗША зьмяніла гэта праз замежнае ўмяшаньне, на якое Facebook мусіў бы рэагаваць хутчэй, каб распазнаць рост „фэйкавых навінаў” і „рэха-камэраў“ [закрытых супольнасьцяў, у якіх цыркулююць пэўныя ідэі, што падмацоўваюцца пастаянным паўтарэньнем чальцамі супольнасьці. — РС.]. Цяпер мы рашучыя як ніколі, каб змагацца з нэгатыўнымі ўплывамі і гарантаваць, што нашая плятформа без сумневаў будзе крыніцай дэмакратычнага дабра».

Пяць пагрозаў сацсетак дэмакратыі

Самід Чакрабарты называе галоўныя праблемы сацсетак у дачыненьні да дэмакратыі і цяперашнія шляхі іх вырашэньня. Ён адзначае, што сацсеткі працуюць у палітыцы «ўзмацняльнікамі» чалавечых намераў — добрых ці кепскіх.

Першая з праблемаў — ужо згаданыя замежнае ўмяшаньне ў палітыку дзяржавы і выкарыстаньне сацсетак як інфармацыйнай зброі. Неўзабаве Facebook плянуе патрабаваць ад старонак, што даюць зьвязаную з палітычнымі выбарамі рэкляму, пацьвярджаць і паказваць, хто аплочвае яе. Цяпер ужо можна паглядзець, якую рэкляму дае старонка, неўзабаве «электаральную» рэкляму будуць архіваваць, каб яе можна было ацаніць ужо пасьля кампаніі.

З праблемай фальшывых навінаў на Facebook вырашылі змагацца не самастойна (каб ня браць на сябе ролю «арбітраў праўды»), а з дапамогай скаргаў карыстальнікаў і староньніх кампаніяў па праверцы інфармацыі (для навінаў, якія яны прызнаюць падобнымі да фэйкаў, ахоп аўдыторыі зьнізяць на 80%).

6 простых спосабаў адрозьніць фэйкавыя навіны ад сапраўдных

«Рэха-камэры» некалі стварылі самі сацсеткі — альгарытмы нацэльвалі на тое, каб карыстальніку паказваліся цікавыя яму запісы (людзям паказваліся толькі пасты з думкамі, зь якімі яны згодныя). Але 44% амэрыканцаў, якія карыстаюцца сацсеткамі, цяпер усё ж бачаць меркаваньні, адрозныя ад іхных. Ды праблема: калі чалавек бачыць абвяржэньне ягонага пункту гледжаньня, то можа «закапацца» яшчэ глыбей у свой погляд. Таму Facebook зьбіраецца паказваць у «рэлевантных артыкулах» самыя розныя (ня толькі два палярныя) пункты гледжаньня на праблему. Падрабязна пра палярызацыю меркаваньняў і «рэха-камэры» ў асобным артыкуле расказвае Кас Санстэйн.

Таксама Facebook зьбіраецца змагацца з абрáзамі і цкаваньнем на палітычнай глебе, хоць у палітычным цкаваньні часам удзельнічаюць нават урады дзяржаваў. Усё больш краінаў абмяжоўваюць свабоду слова ў інтэрнэце, крыміналізуюць дыскусіі там. А чальцы ўрадаў розных краінаў пішуць «пасты нянавісьці» да палітычных апанэнтаў. Гэта застаецца праблемай, бо робаты яшчэ ня могуць распазнаць «палітычны гарасмэнт», таму Facebook наймае больш за 10 тысяч людзей у аддзел віртуальнай «бясьпекі і аховы».

Таксама ў сацсетках існуе праблема няроўнасьці рэпрэзэнтацыі: напрыклад, жанчын больш сярод выбарнікаў, але яны меней прадстаўленыя ў палітычным дыялёгу на Facebook. Сацсетцы даводзіцца дасьледаваць тое, чаму, напрыклад, жанчыны менш актыўныя за мужчынаў у палітычных дыскусіях. Бо калі палітыкі будуць блытаць думку актыўнай меншасьці зь меркаваньнем большасьці, то могуць прымаць няправільныя рашэньні.

Нарэшце, Facebook хоча даць голас тым, каго людзям мае быць карысна чуць. Так, у 016 годзе сацсетка дала амэрыканцам магчымасьць адным клікам падпісацца на дэпутатаў свайго штату ў Палаце прадстаўнікоў ЗША, затым прапанавалі падобныя функцыі ў Нямеччыне ці Японіі.

***

Чаго ў посьце Чакрабарты і іншых пастах сэрыі не гаворыцца, дык таго, якіх моваў тычацца «палітычныя намаганьні» Facebook (і іншых сацсетак): незразумела, колькі сілаў кідаецца на змаганьне з фэйкамі ці «палітычным гарасмэнтам» у расейскамоўным асяродзьдзі і ці ёсьць хаця б адзін чалавек, адказны за палітыку на беларускамоўным «Фэйсбуку».

Ілюстрацыйная выява: узламаны хакерамі твітэр магілёўскай міліцыі «абвясьціў у вышук» расейскіх палітыкаў
Ілюстрацыйная выява: узламаны хакерамі твітэр магілёўскай міліцыі «абвясьціў у вышук» расейскіх палітыкаў

10 беларускіх фэйкаў 2017 году: Ад «фраў А.» да Лукашэнкі на Tesla

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG