Разгляд апэляцыі прызначаны на 12 жніўня
Андрэй Кузьнечык падаў апэляцыйную скаргу на прысуд, разгляд скаргі прызначаны на 12 жніўня. У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС паведамілі, што адбываць тэрмін Кузьнечык будзе ў наваполацкай калёніі ўзмоцненага рэжыму, расказала жонка палітвязьня Алеся Рак. Цяпер Андрэй часова ў магілёўскай калёніі (перад гэтым быў ЦІП на Акрэсьціна, СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, магілёўскі СІЗА).
Маці Андрэя спадарыня Аляксандра пацікавілася ў былых сядзельцаў наваполацкай калёніі, якія там умовы. Ёй расказалі, што нібыта там ёсьць магчымасьць працаваць — ёсьць шмат розных вытворчасьцяў, і можна будзе выбраць месца працы.
У камэры магілёўскай калёніі, дзе Андрэй цяпер, 12 чалавек: напалову моладзь, якая сядзіць па «наркатычных» артыкулах, і напалову — палітычныя, так званыя «бчбшнікі».
Мяркуючы па лістах, Андрэй трымаецца бадзёра, ва ўсім шукае пазытыў. Шмат чытае: паскардзіўся, што бібліятэка ў магілёўскім СІЗА горшая, чым на «Валадарцы».
«Чытаю выпадковыя кніжкі, але часам трапляюцца і займальныя: сьмелы для нашага часу Быкаў 1960-70-х, прэсны газэтны Шамякін пра тое, як калгас наважваўся купляць кампутары, ад якіх не апускаецца брыво...
А на досьвітку слухаю птушак і ўжо ведаю, якія зь іх самыя звонкія: грак, сьвіргун, стрыж».
«Не зьбіраўся я на пятым дзясятку падводзіць вынікі...»
Пасьля закрытага судовага працэсу, які доўжыўся рэкордна кароткі час — каля трох гадзін, Андрэй у лістах падвёў некаторыя вынікі сваёй працы.
Ён заўзяты раварыст, аматар-валянтэр OpenStreetMap. З 2007 году вёў свой пазытыўны беларускамоўны блог, у якім прапагандаваў язду на ровары, публікаваў сэрыю допісаў «Кароткі праваднік па менскіх роварных стаянках» і «Кароткі праваднік па менскіх веладарожках», даваў парады, прапаноўваў пісаць звароты мясцовым уладам наконт уладкаваньня роварнага руху. Андрэй стварыў падрабязную карту безбар’ерных роварных маршрутаў, сам пракладаў маршруты ў Google Maps.
«Не зьбіраўся я на пятым дзясятку падводзіць вынікі... Папулярызатарства маё было хуткаплынным і мімалётным — і шмат у чым у пашырэньні „зоны камфорту“ і сабе, і людзям...
Апошнім часам я пачуваўся шчасьлівым, „адбытым“ і ў нашай сям’і, і амаль усё працоўнае жыцьцё — у працы», — піша Кузьнечык жонцы Алесі.
Андрэй узгадвае пра сайт Panoramio, які ён пераклаў на беларускую мову і куды заліў процьму фота адметнасьцяў Беларусі. Калі захапіўся мапамі — дадаў шмат беларускіх назваў на «гугламапы».
Андрэй таксама ўзгадвае свае агляды менскіх роварных дарожак, велакрамаў, пераклад «Правілаў дарожнага руху для раварыстаў», «Дапаможнік па выжываньні для беларускіх пешаходаў», напісаны ім разьдзел у беларускамоўны падручнік славенскай мовы, выданьні і кнігі, дзе публікаваў свае вершы.
«Мне ж забаваю застаюцца сны»
Расказвае жонцы Алесі Андрэй і пра свае сны. Родам ён зь Віцебску, 15-гадовым падлеткам паступіў у прэстыжны Ліцэй БДУ, вельмі гэтым ганарыўся, бо конкурс у той ліцэй зашкальваў.
«Мне ж забаваю застаюцца сны. Праз пару дзён пасьля суду сьніўся цікавы. Нібыта мяне перавялі ў іншую турму, гляджу на бакі: а камэра — гэта кляс старога зялёнага ліцэя. Але сядзяць там не ліцэісты, а школьныя аднаклясьнікі, прычым у тым веку, у якім я іх запомніў... Дарэчы, на судзе я быў у ліцэйскай майцы выпускнікоў — самая зручная для сьпёкі. Во, відаць, мозг пераасэнсоўваў сюжэт», — піша Андрэй сваёй жонцы Алесі, зь якой сустрэўся крыху пазьней, ужо на філфаку БДУ. Яны разам ужо каля 20 гадоў, выхоўваюць двух дзетак — Яніну і Мацьвея, васьмі і двух гадоў.
«Днямі выходзіў на прагулку, і прама нада мной вісела хмарка ў выглядзе сэрцайка. І прысьніліся два сны — простыя і неэмацыйныя, быццам бы жыцьцё... Нібыта прыехаў я дахаты, а Янька давай паказваць, што ў яе ў пляншэце новага і цікавага. Залез у кампутар — колькі ўсяго яшчэ глядзець — не пераглядзець. Гляджу — яшчэ і тэлевізар не наладжаны. Улез у ягонае мэню і ўспомніў, што паабяцаў сабе ж болей быць зь сям’ёй», — піша Андрэй Кузьнечык у лісьце да сям’і.