Анархіста Ігара Аліневіча, асуджанага на 20 гадоў зьняволеньня, у мазырскую калёнію этапавалі ў канцы траўня. Аднак па прыбыцьці яго проста з карантыну адправілі ў ШЫЗА на 30 дзён, пасьля чаго перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу.
Пра гэта Ігар паведаміў маці ў лісьце.
«А вось і я аб'явіўся нарэшце:). Пасьля 30 дзён ШЫЗА пераведзены ў ПКТ. Так што зараз з матрацам, коўдрай, гарбатай. Скажу, што пасьля паўтара года ў розных СІЗА пабыць у адзіноце вельмі карысная опцыя. За гэты час прывёў сябе ў палепшаную фізычную форму. Але самае галоўнае, гэтае паглыбленьне ў думкі аб мінулым, сучаснасьці і будучыні, якога не дасягаў нават у першыя тыдні арышту. Будзеце сьмяяцца, але ледзь хапіла часу, столькі ўсяго ў галаву прыйшло! Ну і, вядома ж, інтэлектуальныя практыкаваньні па сцэнарах сусьветнага разьвіцьця, сюжэту апавяданьня і нават новых вынаходак :).
Абавязкова! У кожным лісьце ўкладваць адзін чысты канвэрт і некалькі аркушаў паперы для адказу. Заказныя ня трэба, паштовак ня трэба. Тут строгі ўлік», — напісаў у лісьце Ігар Аліневіч.
Падтрымаць Ігара Аліневіча лістамі можна на адрас:
ПК №20, 247755, Гомельская вобласьць, Мазырскі р-н, Міхалкоўскі сельсавет, 70, Ігару Ўладзімеравічу Аліневічу
Інвалід II групы Ўладзімер Гундар 7-ы дзень трымае «сухую» галадоўку ў карцары
У карцар 61-гадовага фігуранта «справы Аўтуховіча», баранавіцкага актывіста Ўладзімера Гундара зьмясьцілі 30 чэрвеня на 10 дзён.
29 чэрвеня ён абвясьціў сухую галадоўку на знак пратэсту супраць няспынных зьдзекаў сілавікоў і парушэньня сваіх правоў. Аднак, як стала вядома Свабодзе, Уладзімера працягваюць прыводзіць на судовыя паседжаньні.
Раней сваякі палітвязьня паведамлялі, што за нязгоду Ўладзімера зьняць адзеньне на «прасьвечваньне» рэнтгенам перад уваходам у судовую залю да яго прымяняліся катаваньні — на працэс палітзьняволенага прывялі ў адных майтках, а ягоныя рукі сілавікі прышпілілі да кратаў клеткі ў расьцяжцы.
Іван Дуброўскі выйшаў на волю пасьля адбыцьця пакараньня
32-гадовага Івана Дуброўскага затрымалі летась 1 кастрычніка ў межах крымінальнай справы паводле артыкула 342 КК РБ (Удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Паводле сьледзтва, абвінавачаны ў верасьні 2020 году браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Ён нібыта наўмысна спыніў свой аўтамабіль Toyota Yaris у цэнтральнай частцы Горадні на мосьце празь Нёман, чым перашкаджаў руху іншага транспарту.
27 студзеня судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Горадні Максім Галубовіч прысудзіў Івану 1 год калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць аўтамабіль Toyota Yaris у даход дзяржавы як сродак зьдзяйсьненьня злачынства.
Як паведамляе тэлеграм-канал «Право имеют», сёньня палітвязень цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.
Выйшаў на волю Юры Кавалёў, якому за тры дні да вызваленьня прызначылі прымусовае лячэньне
Па інфармацыі праваабаронцаў, 1 ліпеня палітвязень Юры Кавалёў выйшаў з ваўкавыскай калёніі на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. Але цяпер яго чакае прымусовае лячэньне, прызначанае па новай крымінальнай справе.
Раней суд Ваўкавыскага раёну 28 чэрвеня асудзіў палітвязьня паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай калёніі). Паводле гэтага артыкула палітвязьню пагражала яшчэ да аднаго года ў зьняволеньні. Аднак, як паведамілі сыну Юрыя ў судзе, яму прызначылі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары. Таму, пасьля таго як рашэньне суду ўступіць у законную сілу, Юрыя накіруюць на прымусовае лячэньне.
Юрыя затрымалі 23 ліпеня 2021 году за тое, што назваў Лукашэнку «дэбілам» на прыёме ў псыхіятра, якая завяла зь ім гаворку на палітычныя тэмы. 22 ліпеня 2021 году суд Буда-Кашалёўскага раёну ў закрытым рэжыме прысудзіў Кавалёву год калёніі паводле арт. 368 КК.