Затрыманьні за пратэсты 2020 году і абразу Лукашэнкі і міліцыянтаў
За ўдзел у пратэставым руху 2020 году сілавікі затрымалі Сяргея Якімчыка, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».
Зьвязаны зь сілавікамі тэлеграм-канал апублікаваў відэазапіс, на якім мужчына кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і перакрываў рух транспарту. Тамсама сьцьвярджаецца, што пры затрыманьні ў яго нібыта знайшлі марыхуану. Пры гэтым вядома, што затрыманых нярэдка зьбіваюць перад тым як запісаць «прызнаньні», якія ў прававой дзяржаве не прымаліся бы пад увагу з-за гвалту над чалавекам.
Таксама стала вядома пра затрыманьне ў Горадні 36-гадовага Валера Віскірскага — нібыта за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў і нацысцкай сымболікі», а таксама абразу Лукашэнкі і супрацоўнікаў міліцыі. Падрабязнасьці справы невядомыя.